А Ўлас паглядзеў, як рыжы схаваўся ў кустах, паправiў на спiне пiлу i, тузянуўшы за рукаў Кузьму, пайшоў далей.

- А я гляджу, - сказаў ён iдучы, - сядзiць чалавек на беразе, падпёршы плячыма пень, i думаю - нешта тут робiцца. А разабраўся блiжэй - самая пусцячына. Ды гэта яшчэ нiчога. Але часам даводзiлася, бывала, бачыць, як чалавек што-небудзь i сапраўды задумае як бы важнае, а як прыгледзiшся гэтаксама.

Кузьма iшоў i думаў аб тым, як добра было б быць на месцы рыжага мужыка. Чысцiць дома каня, правiць плугi, малацiць, хадзiць па мёрзлым iржышчы к рэчцы, глядзець на паплавы.

I ён ад наплыву думак загаварыў, стараючыся выказаць iх, але блытаючыся ў словах:

- Гэта ж, брат, каб на яго паляруш... От бо, брат, неяк, лiха на яго...

I раптоўна змоўкшы, махнуў рукою i маўчаў ужо ўсю дарогу.

II

У вёсцы вецер уздзiраў салому на стрэхах, шамятаў ёю, гнаў разам з сухiм i халодным пылам па вулiцы. За вугламi, на сухiм картаплянiку, валялiся сабакi, падымаючы галовы на халоднае сонца. Па зацярушаных саломаю дварах галасiлi пеўнi, дзецi плакалi, ушушканыя ў старыя кажухi i халаты. Дзе-нiдзе стукалi па гумнах цапы, бабы i мужыкi абтыкалi мохам хаты каля вокан, падвалiны пяском абсыпалi, сцены кастрыцай абкладвалi.

Ад хаты да хаты паволi хадзiў кульгавы жабрак i малiўся за "душы змарлых". З каждае хаты яму выносiлi кавалак хлеба або невялiчкую скварку, i ён, схаваўшы ўсё гэта ў торбу, зразу пакiдаў спяваць, абрываючы сваю "малiтву" на паўслове. У iншай жа хаце яму доўга нiчога не выносiлi. Ён канчаў сваю песню, зазубраную за добрую жыццёвую практыку, а з хаты яшчэ нiхто не выходзiў. I тады ён, каб не маўчаць, пачынаў спяваць усё, што прыйдзе ў голаў, абы яно было так цi iначай звязана з "душамi змарлых".

"Каб вашы душачкi па печы насiлiся".

"Каб халоднаю зiмою яны з палатак не злазiлi..." - цягнуў ён часта ў такiх выпадках; прыдумляў усё новыя i новыя "блажэнствы душам змарлых", да таго часу, калi яму чаго-небудзь не выносiлi з хаты. Тады ён скоранька гаварыў "дзякаваць пакорна вам, а мне на мiла здароўе" i iшоў далей.



5 из 20