Мiкiтка стаў пасярод хаты, упёрся рукамi ў бокi i зарагатаў, гледзячы на пiльшчыкаў, а рыжы ўзяў кавалак хлеба, патрос яго ў руцэ, потым адламаў ад яго палавiну i пайшоў к дзвярам. Не ўзяўся ён яшчэ за клямку, як дзверы адчынiлiся i ў хату ўвайшоў сам жабрак.

Гадоў сорак шэсць, больш не было яму на пагляд. У новых лапцях быў ён, у шарачковых сiняватых портках, у доўгiм, цёмным, палатаным халаце. З месяц таму назад ён, мусiць, брыўся, бо твар яго, паверх маршчын, пакрыўся кароткаю, пруткаю, як дрот, шчацiнаю. Абмякшыя, абмочаныя пад носам, гразныя вусы яго вiселi ўнiз, закрываючы ўсю верхнюю губу.

- Добры вечар, - сказаў ён, перабраўшыся цераз высокi парог.

- Добры, - насмешлiва адказаў рыжы, - нешта ж мала спяваў, не ўцярпеў, пакуль я вынесу, ды сам у хату лезеш.

- Пусцеце пераначаваць.

- Э-э-э, бра-а-ат, - зацягнуў рыжы, - не-э-э-э, не-э-э!.. Няма дзе. Што ж, палажыць цябе на печы, дык там у мяне гэтакi начлежнiк, - рыжы паказаў пальцам на Мiкiтку, - што як прыпрэ цябе ўночы нагамi к комiну, дык адно крактацьмеш.

Старац стаяў каля парога, чмыхаў ад холаду мокрым, пасiнеўшым носам i пазiраў на ўсiх так, як бы хацеў сказаць: "Што ж, мой лёс такi, здзекуйцеся, смейцеся, ваша сiла". Апрача гэтага, на твары яго адбiвалася як бы нейкая пэўнасць у тым, што i трэба, каб гаварыў так гаспадар. Ён як бы лiчыў, што рыжага застаўляе гаварыць так нейкi закон, у якiм ён няволен. Здавалася, што, каб хто падышоў к яму i плюнуў яму ў твар, ён толькi памалу абцёрся б рукавом i нiчога не сказаў бы - такi маўчлiвы, спакойны i пакорны быў яго твар.

- Што ты, звар'яцеў, рыжы, цi якое табе лiха, - сказаў Мiкiтка, пускай яго, няхай начуе.

Рыжы пацiснуў плячамi i маўчаў.

- Iдзi, iдзi, начуй, - гаварыў Мiкiтка, - раздзявайся.



9 из 20