I ўжо адна гэта надзвычайнасць робiць iх адразу героямi. Нiчога такога не было з нашым героем. I бацькi яго былi звычайныя тутэйшыя людзi. Хiба, можа, надзвычайным было толькi тое, што хлопчык радзiўся нейк летам, у той час цi блiзка таго, калi зацвiтае папараць. Ён нават i iмя даў сабе сам: iмя тае ночы, калi цвiце папараць.

Гэтая маленькая рысачка ў жыццi нашага героя, здавалася, сама па сабе не мела вялiкага значэння. Але гэта не так: часамi самае маленькае знаходзiцца ў блiзкай i цеснай сувязi з самым вялiкiм. Трэба толькi ўмець знайсцi месца iх стыку. Так было i тут.

У тую самую ноч, калi зацвiтае папараць, - я толькi пераказваю тое, што ўжо зложана ў казках тутэйшымi людзьмi, - пазбiралiся на сходку русалкi, лясун, ваўкалакi, вадзянiк, дамавiк, зданi i чараўнiкi розных гатункаў. Сход адбываўся на беразе аднаго вельмi прыгожага возера, атуленага задуменнем кучаравых сосен. На гэтым возеры разаслаў месяц свой танюсенькi белы кужаль, а зоркi пасыходзiлi з неба i купалiся ў блiскучых пералiвах вады, бы тыя дыяментавыя кветачкi. Iм хацелася паслухаць, аб чым будзе гаварыць сход.

Аб Юнаку была гутарка тут.

Усiм спадабалася якраз тое, што гэты Юнак даў сабе iмя ночы, калi цвiце папараць i калi фантастычныя iстоты праводзяць свае сходы. I цяпер яны думалi, якi падарунак зрабiць Юнаку.

Старшынёю сходу быў Лясун.

- Дык хто чым хоча парадаваць Юнака? - спытаў ён.

Русалкi сказалi:

- Мы навучым яго спяваць прыгожыя песнi, бо песнi ва ўсiх выпадках жыцця патрэбны чалавеку. З песнямi лягчэй на свеце жыць. "Адвечная песня".

- I аб нас ён песню зложыць, - дадала адна русалка.

- Я падарую яму "Жалейку", - азваўся Дамавiк. - Струмант гэты хоць i просты, але я навучу Юнака граць так, каб тутэйшыя людзi зачароўвалiся iгрою i прыходзiлi да свядомасцi, чаму так сталася, што яны не гаспадары ў сваёй хаце.



2 из 4