Настрой у яго крыху палепшыўся, калi ён убачыў ветлiвы твар юнай незнаёмай - хоць яна нi на што не скардзiлася.

- Вам трэба насiльшчык, мiс, паднесцi ваш сакваяж.

- Не, нiчога, - адказала яна. - Дый не разумею я iхняй мовы. А сакваяж у мяне зусiм не цяжкi. - Вусны ў яе расквiтнелi ўсмешкай над узнятым каўнерыкам таннага белага плашчыка. - Вось калi б вы дапамаглi мне... капiтан.

Яе нахабства пазабавiла яго.

- Калi б я быў крыху маладзейшы, вядома, вам бы не спатрэбiўся зараз нiякi насiльшчык. Не разумею, куды гэта толькi глядзяць сённяшнiя маладыя людзi! - ён кiўнуў галавой на маладога жыда ў чорных замшавых чаравiках, якi выходзiў з мытнi, а за iм цягнулiся два нагружаныя багажом насiльшчыкi.

- Вам далёка?

- Да самага канца, - адказала яна, кiнуўшы журботны позiрк на рэйкi, на кучу багажу, на асветленыя вокны вагона-рэстарана i цёмныя абрысы экспрэса.

- У вас спальнае месца?

- Не.

- Вам трэба было абавязкова ўзяць месца ў спальным вагоне, - сказаў ён, - калi вы едзеце да канца. Тры ночы ў дарозе. Гэта не жарты. А што вы збiраецеся рабiць у Канстанцiнопалi, калi не сакрэт? Выйсцi замуж?

- Калi б я ведала. - Яна крыва ўсмiхнулася, агорнутая сумам ростанi i страхам перад невядомасцю. - Хто ведае, што мяне там чакае.

- Працаваць?

- Танцаваць. У вар'етэ.

Яна развiталася з iм i пайшла далей. Плашч падкрэслiваў яе тонкую статную постаць. Дзяўчына трымалася прама, нават тады, калi, спатыкаючыся, iшла памiж рэйкамi ўздоўж спальных вагонаў. Агеньчык святлафора змянiўся з чырвонага на зялёны, i з выхлапной трубы цягнiка вырваўся тонкi струмень адпрацаванай пары. Яе твар, такi звычайны, але пiкантны, яе манеры, абуральныя i адначасова сцiплыя i далiкатныя, - затрымалiся на момант у яго свядомасцi. "Помнi пра мяне, - у думках звярнуўся ён да дзяўчыны. - Праз месяц-другi мы зноў з табой сустрэнемся". Аднак ён добра разумеў, што сам ён яе не ўтрымае ў памяцi, бо надта многа твараў мiльгае перад iм у акенцы яго канторы, звяртаючыся з просьбамi пакiнуць асобную каюту, цi размяняць грошы, цi заказаць спальнае месца, каб ён мог запомнiць кожную асобу - дый нiчога прыкметнага ў ёй i не было.



2 из 219