- П-п-Пятуння! - задыхаючыся, прашаптаў ён.

Дадлі паспрабаваў выхапіць і прачытаць ліст, але дзядзька Вернон трымаў яго высока, так, што Дадлі не мог дацягнуцца. Цётка Пятуння з цікаўнасцю ўзяла пергамент у дзядзькі з рук і прачытала першы радок. З хвіліну яна стаяла калыхаючыся, быццам вось-вось страціць прытомнасць. Потым схапілася за горла і выдала прыдушаны хрып.

- Вернан! Божа міласэрны! Вернан!

Яны глядзелі адно на аднаго, нібы забыліся на тое, што Дадлі і Гары ўсё яшчэ знаходзяцца ў кухні. Дадлі не быў звыклы да таго, каб яго ігнаравалі. Ён з усіх сіл трэснуў бацьку палкай па галаве.

- Дай мне прачытаць ліст! - заявіў ён гучна.

- Гэта мне дайце прачытаць ліст, - гнеўна перапыніў яго Гары, - ён мой!

- Прэч адсюль, абодва! - прахрыпеў дзядзька Вернан, запіхваючы ліст назад у канверт.

   Гары не адступаў.

- АДДАЙЦЕ МНЕ ЛІСТ! - закрычаў ён.

- Аддайце мне ліст! - запатрабаваў Дадлі.

- ПРЭЧ! - праараў дзядзька Вернон і за шкірку вышпурнуў абодвух хлапчукоў у залу, зачыніўшы кухонныя дзверы ў іх перад носам. Гары і Дадлі тут жа дзелавіта і бязгучна пабіліся за месца ў замочнай адтуліны. Дадлі перамог, таму Гары, у акулярах, якія боўталіся на адным носе, лёг на жывот і стаў падслухоўваць пад дзвярыма.

- Вернан, - казала цётка Пятуння дрыготкім голасам, - паглядзі на адрас - адкуль яны маглі даведацца, дзе ён спіць? Ты ж не думаеш, што за намі сочаць?

- Сочаць - шпіёняць - можа быць, нават падглядваюць, - дзіка мармытаў дзядзька Вернан.

- Што жа нам рабіць, Вернан? Напісаць ім? Сказаць, што мы не жадаем…

Гары бачыў, як зіхатлівыя чорныя туфлі дзядзькі Вернана крочаць узад-наперад па кухні.

- Не, - нарэшце вырашыў дзядзька Вернан, - мы не будзем звяртаць на гэта ўвагі. Калі яны не атрымаюць адказу… Так, так будзе лепш за ўсё… мы нічога не будзем рабіць…



30 из 245