
Янг чуў, як горача дыхае яму ў голыя плечы маці, гладзіць яго па галаве, супакойвае. А як ты супакоішся, калі і моладзь хвалюецца? Стаяць юнакі і дзяўчаты, падпёршы плечукамі карані-ствалы баньяна, і гудуць, гудуць…
— …Я чую, што вы зноў нам не верыце! — падслепаваты Ганеш загарачыўся, шапялявячы, запырскаў чырвонаю ад бетэлевай жвачкі слінаю. (Янгу здалося, што Ганешу яшчэ там, на Галоўным, стукнулі кулаком у зубы, і ён дасюль сыходзіць крывёю). — Забіце мяне тут, пад гэтым дрэвам, калі не верыце! Я хачу памерці на сваёй зямлі… Хіба вы сталі сляпыя і глухія? Хіба вам зацягло бельмамі вочы, як мне? Няхай я ўжо кепска бачу, але ж затое добра чую і нюх маю. Паслухайце і вы! Паслухайце!.. — Ганеш, ацішваючы людзей, падняў угору скурчаны палец, знявечаны некалі ўкусам змеепадобнай рыбы мурэны.
Не трэба было і сцішвацца. Ужо трэція суткі дзень і ноч, у некалькі змен вішчалі лябёдкі, раўлі і грукалі маторы, чуліся выкрыкі-каманды на англійскай мове. У бухце, якую стварыла лагуна іх вострава-атола, выгружалі ўсякія скрыні і скрынкі, а таксама вялізныя часткі машын, абабітыя з усіх бакоў дошкамі. Паўзлі бульдозеры, падобныя на танкі без вежаў і гармат, з велізарнымі адваламі-нажамі, скрэперы і экскаватары-пагрузчыкі, машыны-самазвалы. Скрыні і скрынкі згружалі з мотаботаў, розныя машыны — з матарызаваных пантонаў-пляцовак. Бульдозеры спаўзалі на бераг сваім ходам, ледзь толькі салдаты паспявалі замацаваць пантоны ды пакласці шырокія пандусы-з'езды. А на рэйдзе, за ўваходам у лагуну, стаяла самаходная аграмадзіна баржа, у карме яе адкінулася, як пад'ёмны мост, сценка, зеўрала цёмная чатырохкантовая дзіра. З палубы баржы і з яе бяздоннага чэрава і браліся ўся гэтая тэхніка і скрыні. Чужынцы спяшаліся, мо баяліся, каб султан не перадумаў, не пачаў патрабаваць назад купчую паперу.
