
— Вас жа не проста выганяюць адсюль! — надрываўся Лі Сунь.
— «Вас»… А цябе што — не? Ты тут застаешся? — кінуў яму Радж.
— Нас, нас… Я проста агаварыўся! — казаў далей Лі Сунь. — Нас жа пе-ра-ся-ля-юць! На другое месца, на другі востраў. Транспарт даюць.
— Не трэба нам другі! Ведаем, якая зямля на Горным! Чулі! З аднаго боку — гара, з другога — балота! А добрая зямля ўся занятая!
— Кажу: дадуць добрыя ўчасткі — разводзьце какосы, сушыце копру. А хто не захоча… — голас у Лі Суня асіп і ахрып.
— Пасадзіш пальму — чакай шэсць-восем гадоў, пакуль тыя арэхі. А гэтыя восем гадоў зубы на паліцы трымаць? У мяне ж пяцёра дзяцей!
— …А хто не захоча… Я хацеў сказаць — хто захоча памяняць сваё жыццё на гарадское, уладкавацца на іншым востраве, а не на Горным, — калі ласка, перавязуць і туды з усімі бэбахамі! — крычаў Лі Сунь. — Чуеце? І яшчэ пяцьдзесят долараў на сям'ю дадуць! — кітаец закашляўся.
«І чаго гэты крамнік горла дзярэ? Хіба яму заплацілі? Абірала пракляты…»— думаў Янг.
— А дзе знойдзеш работу? Хто нас чакае там? Каму мы патрэбныя? — сыпаліся выкрыкі.
— Абы добрыя грошы — усюды можна жыць! — крычаў сваё Пуол.
— Лі Сунь! Твой язык сёння лёгка ходзіць! Якім алеем яго змазалі? За колькі долараў прадаўся? — гнеўна гаварыў Радж, і яго словы ўзбуджалі людзей.
Янг сеў бокам, каб добра было і за Раджам наглядаць. Залюбаваўся братам: белая трыкатажная тэніска шчыгульна аблягала пукатыя плечы і грудзі, падкрэслівала кожную бугрынку мускулаў. На грудзях малюнак: пяць сініх хваляў, аранжавы абруч сонца з промнямі-пырскамі, а праз гэты абруч скача сіні дэльфін. Ні ў кога ў вёсцы няма такой шыкоўнай адзежыны. Радж працуе на востраве Рай у дэльфінарыі — не абы-што!
Крамнік бязгучна разявіў рот — раз, другі: заняло дух. Але справіўся з сабою, зноў заўсміхаўся.
— Чуеце? Па пяцьдзесят долараў! Вы такіх грошай і не нюхалі… А ты, малады чалавек… — звярнуўся да Раджа. — Ты мог бы і памаўчаць! Ты тут ужо не жывеш-ш-ш… І не маеш-ш-ш права голасу! — зашыпеў, як кобра. — Ты ляці на свой востраў Рай — і забаўляйся! Разводзь там тра-ля-ля! Забаўляй турыстаў! Плюхайся!
