
Моладзь адстала, ішла ззаду. У цэнтры яе крочыў Радж, злева ад яго быў Амара, справа — Янг. Ён трымаўся за братаву руку і стараўся ступаць шырока, каб патрапляць з ім у нагу, быць падобным да брата.
«Нервовы стаў Радж… — думаў Янг. — Асабліва апошні месяц, як з'явіўся ў яго гэты шрам. Ніколі пра шрам нікому не расказваў. Таямніца нейкая, загадка… Невясёлая ў яго работа, небяспечная — многа часу даводзіцца быць пад вадою. Але як бы мы жылі без Раджавай дапамогі, без яго заробкаў?»
— От жа дурныя людзі… От жа цёмныя… — гаварыў Радж, нібы шаптаў заклінанне. Але яго добра чулі ўсе хлопцы. — Хіба ў гэтым бома паможа?
2
Іх востраў вельмі падобны да какосавага краба біргуса (адсюль і назва). Вялікага краба, з тулавам-панцырам памерам тры на чатыры кіламетры. Маленькія рыфы кругом — нібы яго падцятыя ножкі. У вострава і клюшні ёсць, як у краба, левая, шырэйшая і даўжэйшая, ахоплівае лагуну з усходу. Яна складаецца з вузкага мыса-паўвострава і чатырох зялёных астраўкоў-скал, размешчаных адзін за адным праз вузкія праліўчыкі. А правая клюшня Біргуса яшчэ вузейшая, у ёй сем белых каралавых атольчыкаў, на тых сямі амаль нічога не расце, толькі гняздуюцца чайкі. Янг не раз выбіраў з сябрамі з гнёздаў яйкі — смокчаш іх і чуеш пах рыбы.
Людзі ішлі да паўвострава-мыса, бома жыў там — адасобіўся ад вёскі, настаўляў наўкол хаціны і каля дзвярэй драўляных ідалаў са злоснымі лупатымі вачыма, з шырачэннымі ікластымі ратамі. На бамбукавых шастах уздымаліся ўгору пучкі нейкага зелля — таксама абарона ад злых духаў. Хаціна сярод каранёў-хадуляў вялізных панданусаў здавалася нейкім настармачаным гняздом. Нават у ціхую пагоду на страсе варушыліся, шамацелі сухія пальмавыя і бананавыя лісты, нібы хтосьці невідочны хуценька, ледзь кранаючыся, бегаў па іх. Мо якія добрыя духі? Бома сябруе з імі, то пэўна ж і яны маюць у яго прытулак.
