Людзі паварушыліся, уладкоўваючыся больш зручна на пяску. Кожны ў думках, а то і шэптам упрошваў добрых духаў памагчы ў нялёгкай справе. Чакалі доўга, паглядваючы ў неба, у той бок, адкуль заўсёды выплываў месяц. Людзі наэлектрызавалі сябе маленнямі і былі нібы ў трансе, ускрыквалі абы-што.

— Падурнелі… Зусім падурнелі,— шаптаў Радж. — Кожная секунда дарагая, а яны… Амерыканцы ж не маліцца прыехалі сюды!

Урэшце месяц, нібы чырвоны вялізны човен, выплыў з акіяна і, здалося, загайдаўся, задрыжаў на хвалях. І ў гэты час у хаціне штосьці глуха загрукатала, задрынкала, запішчала прарэзліва, нібы вядзьмар злавіў за хвост какосавага пацука і закруціў над галавою, каб шпурнуць у хвалі. Хаціна дрыжала і трэслася, праз шчыліны прабіваліся водбліскі агню.

І вось на парозе паўстаў бома з палаючым факелам у левай руцэ. Водбліскі агню гулялі на страшным, расфарбаваным белымі і чырвонымі палосамі і трохкутнымі знакамі твары. У правай руцэ пахістваўся бамбукавы кій, падобны на піку. Дый сам бома хістаўся, як п'яны, пацепваў, як ад холаду, плечукамі. Абедзве рукі ад пляча і да кісці былі ўвязаны каляровымі стужкамі, канцы іх целяпаліся на ветрыку, выгіналіся, як змеі. Бома паўглядаўся ў адзін бок, у другі, выцягваючы шыю, як чарапаха, і раптам скокнуў туды, скокнуў сюды, укалоў паветра пікаю. А сам нечым прарэзліва вішчаў, мо заклаў які лісток за зубы, хацеў, мабыць, каб людзі думалі, што пішчаць і ўцякаюць злыя духі. Ён то ішоў па крузе на падагнутых нагах, то скакаў абедзвюма адразу, як верабей, і ў такт калоў пікаю ў бакі, вычэрчваў агнём нейкія знакі. У вачах бома палалі вогненныя водбліскі, здавалася, што з іх, як і з факела, сыплюцца іскры.

Янгу зрабілася жудасна, яго затрэсла.

— Усе… Бярыце факелы… Бярыце палкі, кіі.



9 из 405