
26. Тут служанка Фацiда кажа: "Клiча цябе гаспадар". Ведаючы ўжо Мiлонаву паўстрыманасць, я ветлiва тлумачу, што, маўляў, дарожная стома больш патрабуе сну, чым ежы. Атрымаўшы такi адказ, ён сам уваходзiць i, абняўшы мяне, цягне да сябе. Я то адмаўляюся, то далiкатна ўпiраюся. А ён кажа: "Не выйду без цябе!" I клятвай пацвярджае гэтыя словы. Я неахвотна падпарадкоўваюся яго ўпартасцi, а ён зноў вядзе мяне да сваёй канапкi, усаджвае i пачынае: "Ну, як маецца наш Дамея? Як яго жонка, дзецi, хатнiя?" Расказваю пра ўсiх i кожнага паасобку. Распытвае дакладна пра мэты майго падарожжа. Усё грунтоўна яму расказваю. Старанна выпытвае пра мой родны горад, пра яго сама знакамiтых жыхароў, а ў канцы нават пра нашага ўладара, пакуль не заўважыў, што, вельмi змораны цяжкой дарогай, я ўтамiўся доўгай гутаркай i засынаю пасярод фразы. Замармытаўшы нешта незразумелае, нарэшце адпусцiў ён мяне ў спальню. Так пазбыўся я агiднага старога i яго балбатлiвага галоднага пачастунку, змораны сном, павячэраўшы не стравай, а толькi казкамi. Вярнуўшыся ў свой пакой, я аддаўся жаданаму сну.
КНIГА ДРУГАЯ
1. Як толькi ноч рассеялася i сонца прывяло новы дзень, я адначасова развiтаўся са сном i з ложкам. Чалавек я наогул неспакойны i бязмерна прагны да ўсяго небывалага i цудоўнага. Апынуўшыся ў цэнтры Фесалii, якая на ўсiм свеце славiцца як радзiма магiчнага майстэрства, трымаючы ў памяцi тое, што гiсторыя, расказаная добрым спадарожнiкам Арыстаменам, пачынаецца з гэтага горада, я з цiкавасцю аглядаў усё навокал, усхваляваны жаданнем, змяшаным з нецярплiвасцю. Любы прадмет у горадзе выклiкаў у мяне падазрэнне, i не было нi аднаго, якi б я прымаў за тое, чым ён быў сапраўды. Усё здавалася мне ператвораным зламыснымi намовамi ў iншы вiд. Нават камянi, па якiх я ступаў, здавалiся мне акамянелымi людзьмi, птушкi, спевы якiх слухаў, таксама людзьмi, толькi ўкрытымi пер'ем; дрэвы навокал гарадскiх сцен — таксама людзьмi, але прыкрытымi лiсцем; i крынiчная вада, здавалася мне, выцякала з людскiх целаў. Я ўжо чакаў, што статуi i карцiны пачнуць рухацца, сцены гаварыць, быкi i iншыя жывёлiны прарочыць, i з самога неба, з дзённага свяцiльнiка пачуецца раптам прароцтва.
