Пачуўшы гэта, я, ахвотны да ўсякiх навiн, кажу:

"Наадварот, працягвай. Дазвольце i мне ўдзельнiчаць у вашай гутарцы. Я не ад цiкаўнасцi, а хачу ведаць, калi не ўсё, дык чым найбольш, прытым прыемнае i забаўнае апавяданне палегчыць нам узыход на круты пад'ём".

3. Той, што пачаў, адказвае: "Ну! Усе гэтыя выдумкi так падобныя да праўды, як бы нехта пачаў даказваць, што магiчныя нашапты могуць прымусiць быстрыя рэкi плысцi назад, мора суцiшыцца, вецер спынiцца, сонца не рухацца, месяц затуманiцца, зоры падаць, дзень знiкнуць, ноч падоўжыцца".

Тады я кажу больш упэўнена: "Ты, што пачаў апавяданне, канчай яго, будзь ласкаў, калi табе не надакучыла". А пасля другому: "А ты, заткнуўшы вушы, адмаўляеш тое, што можа быць праўдай. Клянуся Геркулесам, ты сабе не ўяўляеш, што толькi прадузятасць змушае нас прымаць за махлярства тое, што новае для слыху, цi незвычайнае для вока, або недаступнае нашаму разуменню. А калi прыгледзецца лепей, дык можна ўбачыць, што ўсё гэта цалкам зразумелае i нават лёгкае ў выкананнi.

4. Вось, напрыклад, яшчэ ўчора вечарам, калi мы з сябрам елi навыперадкi пiрог з сырам i я захацеў глынуць трохi большы, чым звычайна, кавалачак, раптам мяккая i лiпучая ежа завязла ў мяне ў горле i так заняло мне дых, што я ледзь не памёр. А вось нядаўна ў Афiнах каля Пярэстага порцiка бачыў я на свае вочы, як фокуснiк глытаў вастрыём унiз найвастрэйшы баявы меч. А пасля таго за мiзэрныя грошы ўваткнуў сабе ў кiшкi вострым канцом паляўнiчую пiку. I вось на акуты канец перавернутай пiкi, якая вытыркала з горла фокуснiка, ускочыў прыгожы хлапчук i, усiм надзiва, пачаў выкручвацца ў танцы, быццам быў без сухажылляў i без касцей. Сапраўды, спрытней не магла абвiцца вакол палкi з абсечанымi сукамi змяя бога лекараў. Аднак даволi! Закончы, прашу цябе, сябра, тую гiсторыю, якую ты пачаў. Калi твой таварыш не хоча верыць, дык я паверу за двух i ў першай сустрэчнай харчоўнi пачастую цябе снеданнем. Вось такую атрымаеш узнагароду".



2 из 215