Тады яна трохi адсунулася, павярнулася да мяне i, скоса глянуўшы, кажа: "Гэй, ты, шкаляр! За кiсла-салодкую закуску хапаешся! Глядзi, каб, аб'еўшыся мёдам, не адчуў горычы жоўцi".

"Ну што ж, мая радасць, — кажу, — калi я да таго дайшоў, што за адзiн твой жыватворны пацалунак гатоў спячыся, расцягнуўшыся на гэтым агнi!" I з гэтымi словамi пачаў яе яшчэ мацней цалаваць. I вось яна ўжо спаборнiчае са мной у палкасцi i аднолькавую ступень кахання дзелiць пароўну. Вось ужо, мяркуючы па духмяным дыханнi паўраскрытага рота, па сустрэчных ударах салодкага языка, ап'янелая прагнасцю аддання, яна гатова ёй паступiцца.

"Гiну! — крыкнуў я. — Ужо цалкам загiну, калi ты не злiтуешся нада мной!" На гэта яна, пацалаваўшы мяне, кажа: "Супакойся. Мяне зрабiла тваёй наша ўзаемнае жаданне, дык нашы ўцехi адкладаюцца ненадоўга. Як толькi сцямнее, я прыйду да цябе ў спальню. А цяпер iдзi i збярыся з сiламi, бо я ўсю ноч буду з табой змагацца".

11. Яшчэ доўга абменьвалiся мы такiмi i падобнымi словамi i нарэшце разышлiся.

Як толькi надышла паўдзённая пара, Бiрэва прыслала мне ў падарунак свiнiны, пяць куранят i вялiкi збан добрага дарагога вiна. Я паклiкаў тады Фацiду i кажу: "Вось i Лiбер, узбуджальнiк Венеры i яе збраяносец, прыбыў. Сягоння высмакчам да дна гэта вiно, каб яно прагнала сарамлiвую слабасць i прыбавiла жаданню вясёлай сiлы. На судне Венеры толькi такiя патрэбны запасы, каб на бяссонную ноч хапiла ў лямпе алею, а ў кубку вiна".

Астатак дня быў прысвечаны лазнi i ў канцы вячэры. На запрашэнне добрага Мiлона я раздзялiў з iм даволi прыстойную вячэру i стараўся, маючы ў памяцi перасцярогi Бiрэны, чым радзей трапляць на вочы яго жонцы, адвяртаючы зрок ад яе твару, нiбы ад страшнага Аверанскага возера. Але, наглядаючы за Фацiдай, якая нам прыслугоўвала, я трохi ўзбадзёрыўся. Раптам Памфiла, зiрнуўшы на запаленую лямпу, кажа: "О, якая моцная залева будзе заўтра!" I на пытанне мужа, адкуль ёй гэта вядома, адказала, што ёй лямпа прадказвае. На гэта Мiлон, засмяяўшыся, гаворыць: "Вялiкую Сiвiлу трымаем мы ў гэтай лямпе, якая з вышынi сваёй падстаўкi сочыць за ўсiмi нябеснымi справамi i нават за самiм сонцам".



21 из 215