
14. На гэта Дыяфан, той знакамiты халдзей, не ачухаўшыся яшчэ ад здзiўлення, кажа: "Усiм ворагам i непрыяцелям нашым зычыў бы я такога Улiсавага вандравання. Наш карабель, на якiм мы плылi, патрапаны навальнiцамi, страцiў абодва стырны, прыбiўся да берага i, наткнуўшыся на скалу, пайшоў на дно, а мы, усё згубiўшы, ледзь выплылi. А тое, што ўдалося зберагчы дзякуючы спачуванню незнаёмых людзей цi прыхiльнасцi сяброў, трапiла ў рукi разбойнiкаў. Майго адзiнага брата Арыгнота, якi задумаў супрацiўляцца iх нахабству, на маiх вачах зарэзалi…"
Пакуль ён працягваў гэта сваё слязлiвае апавяданне, той купец Кердон, забраўшы грошы, выкладзеныя на плату за прадказанне, хуценька ўцёк. I толькi тады той Дыяфан, апомнiўшыся, зразумеў, якую зрабiў прамашку, калi ўсе мы, што яго акружалi, выбухнулi гучным смехам.
"Вiдаць, табе аднаму, мой пане Луцый, той халдзей i сказаў праўду. Дык будзь шчаслiвы i няхай будзе ўдачлiвы твой шлях!"
15. Пакуль Мiлон такiм чынам вёў гутарку, я моўчкi пакутаваў i злаваўся, што праз ягоную балбатню, якая па маёй вiне так зацягнулася, буду пазбаўлены добрай часткi вечара i найлепшых яго вынiкаў. Нарэшце, адважыўшыся, я кажу Мiлону: "Пакiньма гэтага Дыяфана ягонаму лёсу, i няхай ён далей дзярэ з людзей скуру, дзе яму спадабаецца — на моры цi на сушы, а я, прызнацца, дагэтуль не пазбыўся ўчарашняй стомы, дык дазволь мне раней легчы спаць".
Пасля гэтага я iду ў свой пакой i застаю там усё падрыхтаванае да вельмi прыемнай бяседы. Пасцелi слуг былi вынесены i пастаўлены далей ад дзвярэй, вiдаць, дзеля таго, каб нiхто нас уночы не патрывожыў. Да майго ложка быў падсунуты столiк, застаўлены посудам з вячэрай, i два вялiкiя келiхi з вiном толькi чакалi, каб далiць у iх вады. Побач стаяў буталь з шырокiм горлам, каб зручней было з яго чэрпаць. Адным словам, быў тут поўны пачастунак перад любоўнай гульнёй.
