
У гэтакiх i падобных сутычках правялi мы ноч да свiтання, праганяючы час ад часу стому келiхамi, узбуджаючы пажадлiвасць i нанова аддаючыся захапленню. За прыкладам гэтай ночы мы пазней дабавiлi да яе i шмат iншых.
18. Так здарылася, што Бiрэна вельмi настойлiва запрашала мяне прыйсцi да яе на сцiплую сяброўскую вячэру. Я доўга адмаўляўся, аднак мае адгаворкi яе не пераканалi. Тады прыйшлося звярнуцца да Фацiды i спытаць у яе парады, як у аракула. Хоць ёй цяжка было расстацца са мной нават на сама кароткi тэрмiн, яна ласкава згадзiлася на непрацяглае перамiр'е ў ваенных падзеях кахання, але кажа мне: "Ты пастарайся раней пайсцi з вячэры. Водзiцца ў нас хеўра з сама знатных маладых людзей, якiя парушаюць грамадскi парадак. Часта бываюць на вулiцах трупы забiтых, а атрады намеснiка нiяк не могуць ачысцiць горад ад гэтай пошасцi. Лёс шчодра надзялiў цябе сваiмi дарамi, а яны з табой, як з чалавекам прыезджым, цырымонiцца не будуць, дык якраз можаш трапiць у пастку".
"Не трывожся, — кажу, — мая Фацiда. Дзеля таго, што нашы з табой уцехi мне даражэйшыя, чым чужыя вячэры, я супакою твае страхi, вярнуўшыся як найраней. I пайду не без правадыра. Падперазаўшыся сваiм мячом, я сам панясу заруку сваёй бяспекi".
Так падрыхтаваўшыся, выпраўляюся на вячэру.
19. Там застаю я, як i належыць у знатнай жанчыны, шмат запрошаных — цвет горада. Пышныя сталы блiшчаць туяй i слановай косцю, софы засланыя дарагiмi тканiнамi, высяцца вялiкiя келiхi, розныя ў сваёй прыгажосцi, але аднолькава каштоўныя. Тут па-мастацку гранёнае шкло, там чысты крышталь, у адным месцы яснае серабро, у другiм блiскучае золата i дзiвосна выразаны бурштын запрашае вусны да пiцця. I каштоўныя камянi, а нават тое, чаго не можа быць, там было.
Шматлiкiя вытанчана апранутыя слугi бадзёра падносяць поўныя да берагоў блюды, кучаравыя хлапчукi ў прыгожых тунiках раз за разам падаюць ва ўпрыгожаных самацветамi бакалах старыя вiны. I вось прыносяць свяцiльнiкi, застолле ажыўляецца, чуваць смех, то там, то сям вясёлыя жарты падмацоўваюцца фрывольнымi слоўцамi…
