— Для цябе гэта асабліва небяспечна, бо ты тады зломішся, — засмяяўся Віктар.

— Ды і табе не лепш будзе, — адказаў Мірон. — Трэба змыць гэтую гразь.

Але так не хацелася ўставаць, распранацца. Цішыня, стома, цеплыня хілілі да сну. Праз некалькі хвілін Мірон зноў сказаў:

— Трэба памыць і высушыць адзенне, пакуль сонца грэе.

— Трэба, — пацвердзіў Віктар.

І абодва засталіся ляжаць нерухома. Праз некаторы час Віктар сказаў:

— Нічога не зробіш, трэба ўставаць.

— Трэба, — пацвердзіў Мірон.

І зноў абодва засталіся ляжаць.

Зноў прайшло некалькі часу. Тады Мірон рашуча сказаў:

— Так нічога не выйдзе. Давай па камандзе: р-раз!

— Два! — падхапіў Віктар.

А «тры» не сказаў ні той, ні другі — так хацелася яшчэ хвіліначку паляжаць. Многа яшчэ прайшло такіх хвіліначак, пакуль, нарэшце, бадай абодва разам крыкнулі «тры», усхапіліся на ногі і пачалі распранацца.

Адзежы ўсёй разам было: дзве пары бялізны, двое штаноў, дзве верхнія кашулі, пара ботаў (Міронавы), пара чаравік (Віктаравы), скураная куртка (Віктарава), суконная світка (Міронава), пара рваных шкарпэтак (Віктаравы), пара ануч (Міронавы) і дзве шапкі.

Ператрэслі кішэні і падлічылі ўсю сваю маёмасць наогул.

Віктар перш за ўсё ўхапіўся за свой табак. Зверху махорка зрабілася на кашу, а ад паперы нічога не засталося.

— Эх, шкада дабра! — уздыхнуў ён і асцярожна пачаў выцягваць сваё багацце і раскладаць яго на зямлі. — Дзе яго цяпер возьмеш?

— І добра! — сказаў Мірон. — Прынамсі, курыць адвыкнеш.

— Ну не, брат! Я лепш есці адвыкну.

— Цяпер для мяне гэта было б вельмі дарэчы, — спакойна прамовіў Мірон і выцягнуў з кішэні мокрую скарынку хлеба.

— Хлеб?! — падскочыў Віктар.

— Ціха, ціха! Ты ж толькі што казаў, што можаш не есці, абы махорка была. Выбірай — або хлеб, або махорка.

— Тады ліха з табой, не трэба, — пакрыўдзіўся Віктар.



10 из 133