Юрыю Сяргеевічу прапаноўвалі на выбар: або дабірацца да Аль-Джазаіра морам, з Адэсы, на тым самым караблі, які павязе ў афрыканскія краіны партыю трактароў «Беларусь» новай мадэлі, або хутка і з камфортам — на самалёце. Рэйс праз двое сутак.

Двое сутак? Столькі змарнаваць часу? Няўжо нельга хутчэй? Тады і ўспомнілі пра звышпланавы рэйс авіялайнера з турыстамі, дзе было некалькі свабодных месц. «Толькі давядзецца разам з імі і начаваць у якім-небудзь студэнцкім інтэрнаце. Ці ў палатачным гарадку, — сказалі Юрыю Сяргеевічу. — У Алжыры зараз спякота за сорак градусаў, і добры пакой з кандыцыянерам і ўсякімі іншымі выгодамі ў сучасным сталічным гатэлі быў бы не лішні».

«Нічога, буду прывыкаць, мне ж трэба будзе ў самае пекла, у пустыню Сахара, ехаць», — адказаў на гэта Юрый Сяргеевіч. Ён ужо ўзрадавана прыкідваў, як правядзе амаль два вольныя дні ў горадзе, які давялося пакінуць больш за пятнаццаць гадоў назад. Ды так хутка, што не паспеў развітацца з многімі сябрамі. У тым ліку з адной чарнавокай асобай, якая ўспаміналася яму да гэтага часу так, быццам амаль два дзесяткі год і не праляцелі ў яго жыцці.

Не ўлічыў толькі Юрый Сяргеевіч двух момантаў — нават адзін год чалавечага жыцця ой як многа значыць. Па-другое, што прыляціць самалёт у Алжыр у чацвер, а назаўтра, зразумела ж, будзе пятніца, дзень адпачынку.

Радзім Савілін раўнадушна пазіраў, як старшы групы беларускіх турыстаў Алег Аляксандравіч Борташ аб нечым размаўляе з высокім русавалосым мужчынам спартыўнага выгляду. Той час ад часу прыкладае белую хусцінку да правага вока, быццам збіраецца заплакаць.

Падумаць толькі: праз якую хвіліну-другую магутныя крылы панясуць яго да Афрыканскага кантынента. У краіну, назва якой гучыць неяк мужна і крыху таямніча. Алжыр… Французы і італьянцы называюць яе крышачку іначай — Алжырыя. А самі арабы, якія там жывуць разам з берберамі ды іншымі народамі,— Аль-Джазаір, што азначае, аказваецца, — «астравы». Цікава, чаму — астравы?



2 из 202