— Аб чым сумуеце, капiтан?

Зыль адчуў руку на сваiм плячы i азiрнуўся.

Незнаёмы чалавек у форме астралётчыка шчыра ўсмiхаўся. Зыль усмiхнуўся ў адказ i сказаў:

— Нават сам не ведаю: цi то аб мiнулым, цi то аб будучынi.

— Тады нармальна, — незнаёмец засмяяўся i, кiўнуўшы галавой на развiтанне, пайшоў далей па калiдоры.

А Зыль адчуў нiякаватасць. Ён нiяк не мог прывыкнуць, што яго, начальнiка касмадрома на Плутоне, ведае, напэўна, уся Зямля, што людзi, сустракаючыся, iмкнуцца выказаць яму сваю павагу i сiмпатыю, як вось гэты незнаёмец. Ён не разумеў, што прыкметнага ёсць у яго асобе. Iншая справа, каб на яго месцы быў астралётчык. Прафесiя гэтых людзей была для яго марай, бо з раннiх год ён сам рыхтаваўся да яе. Ён быў блiзка да сваёй мэты вучыўся ў школе пазапланетных сувязей. Але здарылася непрадбачанае. Перад самым выпускам на апошнiм медыцынскiм аглядзе ўрачы вынеслi безапеляцыйны i суровы прысуд — за межы Сонечнай сiстэмы не выпускаць.

Пазней ён зразумеў, што медыкi не маглi сказаць iнакш. Наўрад цi ён адолеў бы шматгадовае знаходжанне ў абмежаванай прасторы зоркалёта. Гэта яму адкрылася пасля таго, як ужо трапiў на Плутон i ўбачыў карабель, што вярнуўся з прасторы.

А тады яму было вельмi крыўдна. Назначэнне на Плутон ён спачатку прыняў як пачэсную ссылку, i на першым часе здаралiся хвiлiны, калi ён быў гатовы адмовiцца ад сваёй прафесii канчаткова, выбраць нешта iншае. Ён не хацеў палавiну чаго-небудзь, яму патрэбна было толькi цэлае.

Аднак што такое палавiна i што такое цэлае? Чым iх вымяраюць? Не адлегласцямi ж ад Зямлi да Плутона, дзе ён зараз працуе, або ад Зямлi да Капэлы, з якой неўзабаве вернецца экспедыцыя? Мера тут нейкая iншая. Даўней гаварылi, што яна залежыць ад самога чалавека, бо цэлае ёсць паўсюдна, яго трэба ўмець толькi знайсцi. А ён з гэтым пагадзiцца не можа.



2 из 19