Падобным супадзенням Зыль навучыўся не давяраць. Яны выклiкалi сумненнi i патрабавалi новай праверкi.

Прыборы запiсалi час i напрамак, адкуль была прынята перадача. Былi вядомы i каардынаты неба, дзе тады знаходзiлася камета. Параўнаўшы гэтыя даныя, Зыль збянтэжыўся. Сiгнал, аказваецца, адлюстраваўся не ад ядра, а ад нейкай кропкi, якая знаходзiлася даволi далёка ад Пялёстка. Гэта было неверагодна, хваставая частка не магла служыць адбiвальнiкам радыёпромня.

Зыль яшчэ раз праверыў лiчбы. Памылкi ў iх не было. Яна была ў вывадах радыста. Яго апараты прынялi не адлюстраваны сiгнал. Мяркуючы па ўсяму, той прыйшоў аднекуль здалёк, прабiўшыся праз камету. Магчыма, гэта i сказiла яго. Не выключана i тое, што сiгнал належыць чужой цывiлiзацыi, i таму яго не здолелi расшыфраваць.

Урэшце, ламаць галаву над паходжаннем сiгнала — справа супрацоўнiкаў Iнстытута пазазямных цывiлiзацый. Зыль уздыхнуў. Яму стала сумна, нiбы ён зараз развiтаўся з нечым добрым. Ён разумеў, што гiсторыя з сiгналам не мела нiякага дачынення да Пялёстка, i разам з тым адчуваў, што, бадай, больш ужо не будзе аддаваць Пялёстку столькi ўвагi, як раней. Нiбыта той не апраўдаў нейкiх яго спадзяванняў.

Каб скончыць справу з каметай i сiгналам, Зыль вырашыў у блiжэйшы час падрыхтаваць справаздачу i адправiць яе на Зямлю. Ужо складваючы фатаграфii каметы, ён зноў звярнуў увагу на яе выцягнуты хвост. Машынальна зiрнуўшы на куток здымка, дзе стаяла дата, ён здзiвiўся: сiгнал быў прыняты як раз у гэты дзень. Зыль адзначыў: яшчэ адно супадзенне. Але матэрыялы не адправiў.

Да Пялёстка Зыль усё-такi вярнуўся. Гэта здарылася праз тры цi чатыры днi. Знаходзячыся ў абсерваторыi, ён не вытрымаў i накiраваў тэлескоп на камету. Яна па-ранейшаму холадна iскрылася чужым святлом. I толькi… Зыль аж чмыхнуў ад прыкрасцi. Зноў тут утварылася новая фiгура. Што за прычына? Вiдаць, камета захапiла нейкае цела са значнай масай, i яно… Зыль хутка зрабiў здымкi i пабег у лабараторыю, дзе знаходзiўся iх самы магутны павелiчальнiк.



9 из 19