— Сто пяцьдзесят тры на дзевяноста шэсць, — паныла адказала слухаўка. А ў сваiм апошнiм сне я, прабач, спадар Гай, бачыў, прабач зноў, цябе i ў вельмi недарэчнай, вельмi цьмянай сiтуацыi.

"Што ён вярзе? — здзiвiўся Гай Дубровiч. — Я яго зусiм не ведаю, не магу ўспомнiць, што гэта за чалавек, а ён, бачыце, снiць аба мне, тэлефануе мне. Але ж у сны прыходзiць толькi тое, аб чым думаеш, або некалi думаў".

Тут Гай Дубровiч зноў палахлiва азiрнуўся, ды жонкi ў пакоi не было. Хоць на 223 годзе Вялiкай Эры Плюралiзму рэўнасць на Ўсеiндаэўрапейскiм рэферэндуме прызнана i зацверджана станоўчай эмоцыяй, з жонкаю на такую тэму лепш не заводзiць гаворку. Жаночы гнеў часам бывае мацней за Ўсеiндаэўрапейскi рэферэндум, жанчыны, як казаў яшчэ бацька Гая Бор Дубровiч, менш плюралiстычныя.

— Дык цьмяна я цябе бачыў, невыразна, але ў даволi рызыкоўнай, даволi небяспечнай сiтуацыi, — бубнiла мiж тым тэлефонная трубка.

Гай Дубровiч аж цiхенька скрыгатнуў зубамi. Адкуль узяўся гэты гаварун, гэты кат-заплечнiк? Так добра пачынаўся дзень, i вось недарэчны званок… Мацi Гая Пушча Дубровiч некалi казала: "Маўчы, а то язык iголкаю накалю". Узяць бы зараз доўгую вострую iголку, прыпалiць яе на полымi, ды…

— Што ж ты бачыў аба мне? — амаль крыкнуў Гай.

— Бачыў, што на рагу Зялёнай i Сiняй вулiц цябе, спадар Гай, пераехаў электрамабiль. I ты развалiўся, прабач, на тры часткi. У цябе чамусьцi была не чырвоная, а жоўтая кроў. Жоўтая, як кветка лотацi, што расце ў Апошнiм Балоце. Ты яшчэ паспеў войкнуць, i ўсё…

— Чаму ж я развалiўся менавiта на тры часткi? — толькi i прамовiў агаломшаны Гай Дубровiч.

— А гэтак цябе пераехалi. Вось я i пазванiў табе, каб, як iсцiнны грамадзянiн Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi, папярэдзiць: тыдзень не выходзь з дому, не пачынай новых спраў, не пi вiно i снежную ваду з памiрскiх ледавiкоў. Адным словам, асцерагайся. Ты ж ведаеш, што пасля такога Сну (Радзiвiл Сiротка зрабiў нацiск на слове «такога», i тэлефон паўтарыў гэта слова двойчы) можа, калi не асцерагацца, прыйсцi Вялiкi Жах. А Вялiкi Жах прыходзiць уначы.



2 из 242