- У нас ёсць i трусы, - паведамiў Джанатан. - Яны ў клетцы за стайняй. Ты паспееш паглядзець на iх пазней.

Цi можна было i думаць пра гэта!

- Я павiнен бачыць iх зараз жа, - усклiкнуў я, бо заўсёды хацеў гадаваць трусоў, але ў сябе дома ў горадзе гэта было немагчыма.

Я хутка абышоў стайню i там, у клетцы, убачыў трусiкаў, якiя частавалiся свежым лiсцем.

- Якiя смешныя, - сказаў я потым Джанатану. - Тут у Наджыяле ў мяне ёсць усё, што я хацеў мець некалi.

- Вось бачыш, тут усё так, як я табе расказваў.

На самай справе, усё было так, як ён мне расказваў, калi мы сядзелi разам на маiм ложку дома на кухнi. Цяпер я ўжо зусiм пераканаўся, што ўсё менавiта так, усё праўда, i ад гэтага мне рабiлася яшчэ больш прыемна.

Ёсць рэчы, якiя нiколi не забываюцца. Я нiколi-нiколi не забуду першы вечар у Сядзiбе Рыцараў. Якое гэта задавальненне быць побач з Джанатанам, размаўляць з iм, як i раней. Цяпер мы зноў жылi ў кухнi, як дома ў горадзе, але гэта кухня зусiм не была падобна на тую. Пэўна, кухня ў Сядзiбе Рыцараў вельмi старая, з тоўстымi бэлькамi пад столлю i з вялiзным камiнам. Што гэта за камiн! Ён займаў палову сцяны, i калi б вы хацелi прыгатаваць ежу, то давялося б гатаваць непасрэдна над агнём, як гэта рабiлi ў старыя часы. Сярод пакоя стаяў самы моцны стол, якi я калi-небудзь бачыў у сваiм жыццi, з доўгiмi драўлянымi лаўкамi з кожнага боку, i я падлiчыў, што вельмi многа людзей магло б сядзець адначасова за гэтым сталом.

- Мы з табой будзем жыць у кухнi, як i раней, - сказаў Джанатан. - А мама, калi прыйдзе сюды, зможа заняць пакой наверсе.

Кухня i пакой - вось што ўяўляла сабой Сядзiба Рыцараў. Але да большага мы не прывыклi, ды большага нам i не трэба было. А тут усяго было амаль у два разы больш, чым дома.

Дома! Я расказаў Джанатану пра запiску, якую пакiнуў маме на кухнi.

- Я напiсаў ёй, што мы сустрэнемся ў Наджыяле. Толькi хто ведае, калi яна прыйдзе.



12 из 126