
Яны чакалi Элен, якую пакiнулi ў гатэлi, каб давесцi справу з Марыа да канца. Аўтобус на Пацкуара адыходзiў праз дваццаць хвiлiн.
Нарэшце Элен з'явiлася. Таксама з пачырванелым носам.
- Як ты магла такое зрабiць, Люсi? - накiнулася Элен на Люсi. - Гэта жорстка. - Яна ткнула ў руку Люсi дзве банкноты па сто песа. - Я падумала, што ён мяне ўдарыць, калi дала яму вось гэта, - абурана працягвала Элен. - А прачытаўшы твой лiст, ён расплакаўся, як дзiця.
Мiс Люсi прамаўчала. На працягу ўсяго вельмi стамляючага падарожжа да Пацкуара рэдка ўступала ў гаворку.
Жанчыны, утраiх, заседзелiся пасля вячэры за сталом на верандзе, з якой адкрываўся краявiд на спакойную роўнядзь возера Пацкуара. Элен, якая была ў той вечар узбуджана-гаваркая, абмяркоўвала планы на наступны дзень. Мiс Люсi, здавалася, не звяртала на гэтую балбатню нiякай увагi. Яе вочы ўзiралiся ў шэра-зялёную ваду возера, на купкi выспачак i нахабных лысагаловых грыфаў, якiя прагна скублi, адбiраючы адзiн у аднаго, рэшткi падлы на беразе возера.
Хутка яна ўстала, сказаўшы: "Халадае. Пайду, вiдаць, да сябе ў пакой. Дабранач".
З нумара мiс Люсi i з балкончыка пры iм адкрываўся iншы краявiд. Унiзе, скрозь цемру, што рабiлася ўсё больш густой, было вiдаць, як рыбакi прывязвалi да берага свае лодкi, цiха перагаворваючыся або напяваючы асiплымi галасамi мексiканскiя песнi.
Мiс Люсi сядзела i назiрала за iх работай. Яна думала пра Марыа, ахопленая глыбокiм, блiзкiм да болю, сумам. Мiс Люсi думала пра яго ўвесь час пасля ад'езду з Мехiка i цяпер жахнулася ад думкi пра тую жорсткасць, з якой яна адмовiлася ад яго паслуг i зрабiла гэта да таго ж праз Элен. Яна павiнна была сама пагаварыць з iм. Мiс Люсi вельмi не хацелася, каб Марыа падумаў, што... Думкi не давалi ёй спакою. Яна абышлася з Марыа кепска, пакрыўдзiла яго...
У нейкi момант свайго летуценнага роздуму яна раптам усвядомiла, што ўнiзе, сярод рыбакоў, рухаецца апранутая ў белае постаць чалавека. Позiрк мiс Люсi спынiўся на гэтым чалавеку, i ў яе душы ўсё перавярнулася. Мiс Люсi напружана нахiлiлася наперад i пачала ўглядацца ў цемру. Так, так, у тых лёгкiх, грацыёзных рухах было нешта знаёмае - гэта мiнiяцюрная, але грацыёзная фiгура...
