У дзядзькі Вернана па-ранейшаму заставаўся шанец скласці пагадненне - калі б не сава.

   Цётка Пятуння як раз прапаноўвала гасцям мятныя цукеркі, калі ў акно, гучна пляскаючы крыламі, уляцела здаравенная сава, кінула ліст на галаву місіс Мэйсан і выляцела назад. Місіс Мэйсан выдала жудасны лямант і выбегла з дому з крыкамі: "Дурдом! Дурдом!". Містэр Мэйсан затрымаўся толькі для таго, каб давесці да Дурслі, што яго жонка панічна баіцца птушак усіх форм і памераў, а таксама каб пацікавіцца, ці падаюцца ім самім смешнымі іх ідыёцкія жарты.

   Гары стаяў пасярод кухні, ухапіўшыся для падтрымкі за швабру, а дзядзька Вернан павольна набліжаўся да яго з сатанінскім агнём у маленькіх вочках.

  - Прачытай! - зласліва прашыпеў ён, размахваючы толькі што атрыманым лістом, - Давай, давай - чытай!

   Гары ўзяў ліст. Гэта была зусім не віншавальная паштоўка.


”Паважаны м-р Потэр!

Мы атрымалі данясенне, што па месцы вашага жыхарства ў дванаццаць хвілін на дзесятую сёння ўвечары мела месца накладанне заклена Бязважкасці.

Як вам вядома, непаўналетнім ведзьмакам забараняецца выкарыстанне заклёнаў любой уласцівасці па-за сценамі навучальнай установы, і любая далейшая дзейнасць падобнага роду з вашага боку можа прывесці да выключэння з вышэйзгаданай навучальнай установы (Дэкрэт аб разумных абмежаваннях вядзьмарства сярод непаўналетніх, 1875, параграф З).

Мы таксама абавязаныя нагадаць, што любая чароўная дзейнасць, якая можа пацягнуць за сабою небяспеку выяўлення немагічнымі асобамі (магламі) з'яўляецца сур'ёзным парушэннем падзелу 13 Статуту Сакрэтнасці Сусветнай Канфедэрацыі Чараўнікоў.

Жадаю прыемна правесці вакацыі!



16 из 281