Усе кнігі замоваў, чароўная палачка, чароўная вопратка, кацёл і суперсучасная мятла "Німбус-2000" былі зачыненыя дзядзькам Вернанам у шафе пад лесвіцай у тую самую хвіліну, як Гары прыехаў дадому. Якая была Дурслі справа да таго, што Гары выганяць з каманды, калі ён не будзе трэніравацца і за лета страціць форму? Якая ім справа да таго, што яму прыйдзецца ісці ў школу, не выканаўшы аніводнаго хатняга задання? Як сапраўдныя маглы (людзі без адзінай кроплі чараўніцтва ў крыві), Дурслі лічылі, што вядзьмак у сям'і - гэта нязмыўны сорам і ганьба. Дзядзька Вернан нават Хэдвіг, Гарыну саву, замкнуў у клетцы, каб спыніць зносіны пляменніка са знаёмымі ведзьмакамі.

Знешне Гары цалкам не пахадзіў на астатніх чальцоў сям'і. Дзядзька Вернан быў буйны мужчына з бычынай шыяй і вялізнымі чорнымі вусамі; цётка Пятуння - кашчавая, з конскім тварам; Дадлі - светлагаловы, ружовы, свінападобны. А Гары быў маленькі, худзенькі хлопчык з яркімі зялёнымі вачыма і вугальна-чорнымі непаслухмянымі валасамі. Ён насіў круглыя акуляры, а яго лоб упрыгожваў тонкі шнар у форме зігзагу маланкі.

   Менавіта гэты шнар і рабіў Гары такім асаблівым, нават сярод ведзьмакоў. Гэты шнар уяўляў сабою адзінае сведчанне загадкавага мінулага, тых падзей, у выніку якіх хлопчык апынуўся на парозе дома Дурслі адзінаццаць гадоў таму.

   Ва ўзросце аднаго года Гары незразумелым чынам перамог найвялікшага чорнага чараўніка ўсіх часоў, лорда Вальдэморта, чыё імя шматлікія чараўнікі і ведзьмы дагэтуль не адважваюцца прамаўляць уголас. Бацькі Гары загінулі ў бітве з ім, але сам хлопчык толькі атрымаў незвычайны шнар, і чамусьці - ніхто так і не змог зразумець, чаму - чароўныя сілы пакінулі Вальдэморта ў тое самае імгненне, калі ён паспрабаваў забіць Гары.



3 из 281