Ён прыўзняў акуляры i характэрным рухам падправiў iх на носе. Але на нейкае iмгненне iх вочы сустрэлiся, i ў гэты адцiнак часу Ўiнстан адчуў - амаль з абсалютнаю пэўнасцю, - што О'Браэн думаў гэтаксама, як i ён. Адбылася перадача думак. Быццам iх душы расчынiлiся i думкi пераляцелi ад аднаго да другога праз вочы. "Я з вамi, - здавалася, казаў О'Браэн. - Я дакладна ведаю вашыя адчуваннi. Я ведаю вашу пагарду, вашу нянавiсць, вашу агiду. Але не бойцеся, я з вамi!" Прамень разумення раптам згас, i твар О'Браэна зноў зрабiўся гэткi ж непранiкальны, як i ўсе iншыя.

Больш нiчога не было, i Ўiнстан пачаў ужо сумнявацца, цi было што ўвогуле. Такiя выпадкi нiколi не мелi нiякiх вынiкаў. Адзiным вынiкам была жывая вера, надзея, што ў Партыi, апроч яго, ёсць яшчэ ворагi. Можа, i праўда, што недзе iснуе шырокi канспiратыўны рух! Можа, i праўда, што iснуе Братэрства! Нягледзячы на шматлiкiя арышты, прызнаннi i пакараннi, было немагчыма ведаць напэўна, што Братэрства не з'яўляецца ўсяго толькi мiфам. Часам ён верыў у гэта, часам - не. Не было нiякiх доказаў, толькi слабыя проблiскi, якiя маглi значыць усё або нiчога: падслуханыя ўрыўкi размоў, неразборлiвыя крамзолi на сценах у прыбiральнях або нават лёгкi рух рукой пры сустрэчы двух незнаёмых людзей, якi мог быць паролем. Усё гэта былi толькi здагадкi. Магчыма, ён усё сам сабе навыдумляў. Ён вярнуўся ў свой кабiнет, не зiрнуў болей на О'Браэна. Думка працягнуць iх iмгненны кантакт ледзь закранула ягоны мозг. Гэта было б занадта небяспечна, нават калi б ён ведаў, як гэта зрабiць. За адну-дзве секунды яны абмянялiся двухсэнсоўным позiркам, i на гэтым усё скончылася. Але ў той невымоўнай адзiноце, у якой усе мусiлi жыць, нават такая падзея надоўга западала ў памяць.

Ўiнстан устаў i выпрастаўся. Яму адрыгнулася - джын паднiмаўся са страўнiка.

Яго ўвага зноў засяродзiлася на паперы. Ён убачыў, што пакуль ён лунаў у летуценнях, яго рука аўтаматычна пiсала. Гэта быў ужо не той нязграбны сцiснуты почырк. Пяро пажадлiва слiзгала па гладкай паперы, выпiскаючы вялiкiя выразныя лiтары:



15 из 277