
- Вядома ж, я прыйшла да вас, бо Том цяпер на працы, - няясна прамармытала панi Парсанс.
Кватэра Парсансаў была большая за Ўiнстанаву, але таксама па-свойму ўбогая. Усё ў ёй было нейкае абшарпанае, патаптанае, быццам кватэру толькi што наведаў нейкi вялiкi драпежны звер. Спартовыя прылады - хакейныя клюшкi, баксёрскiя пальчаткi, лопнуты футбольны мяч, прапацелыя, вывернутыя навыварат спартовыя штаны - усё гэта валялася грудам на падлозе, а на стале быў звалены ў кучу нямыты посуд разам з падранымi школьнымi падручнiкамi. На сценах побач з партрэтам Вялiкага Брата ў поўны рост вiселi чырвоныя сцяжкi Саюза Моладзi i гэтак званых Юных Шпiёнаў. Тут, як i ва ўсiм доме, у паветры стаяў капусны смурод, але да яго яшчэ дадаваўся рэзкi пах поту, якi - гэта было чуваць з першага понюху, аднак цяжка было сказаць чаму, - належаў некаму, каго якраз цяпер не было. У другiм пакоi нехта спрабаваў на грабенчыку, абкручаным туалетнай паперай, утараваць вайсковым маршам, што ўсё яшчэ грымелi з экрана тэлегляда.
- Гэта дзецi... - сказала панi Парсанс, баязлiва зiрнуўшы на дзверы. - Яны сёння не выходзiлi з дому. I вядома ж...
Яна мела звычку абрываць фразы пасярэдзiне. Кухонная ракавiна была поўная да краёў брудна-зеленаватай вады, якая смярдзела капустай больш, як што iншае. Ўiнстан стаў на каленi i агледзеў выгнутае калена адводнай трубы. Ён страшэнна гiдзiўся ручной працы, i яму было непрыемна нахiляцца, бо амаль заўсёды ў гэткiх выпадках ён заходзiўся кашлем. Панi Парсанс бездапаможна глядзела на яго.
- Вядома ж, калi б дома быў Том, ён бы хутка ўсё наладзiў, - сказала яна. - Ён любiць такую працу. Ён жа такi здольны, мой Том, у яго залатыя рукi...
Парсанс, як i Ўiнстан, працаваў у Мiнiстэрстве Праўды. Гэта быў тоўсценькi, але вельмi жвавы чалавечак, неверагодна дурны i поўны iдыёцкага энтузiязму, - адна з тых бяздумна адданых працоўных жывёлiн, якiя нiколi не ставяць лiшнiх пытанняў i ад якiх - нават болей, чым ад Палiцыi Думак залежала трываласць Партыi.
