
Але iдэя гэтая была выклiкана яшчэ й iснаваннем альбома, якi ён дастаў з шуфляды. Гэта была надзвычай прыгожая кнiга. Гладкая, iльсняная папера, трохi пажоўклая ад часу, была незвычайнае якасцi, такое не выраблялi ўжо гадоў сорак. Ўiнстан, аднак, меркаваў, што кнiга гэтая значна старэйшая. Аднаго дня, праходзячы старым брудным кварталам (ён ужо не памятаў, дзе дакладна гэта было), ён убачыў гэтую кнiгу ў вiтрыне занядбанай антыкварнай крамы, i яго ахапiла неадольнае жаданне яе займець. Сябрам Партыi не дазвалялася заходзiць у простыя крамы (гэта называлася "купляць на вольным рынку"), але правiла гэтае строга не выконвалася, бо былi рэчы, як, напрыклад, матузкi да чаравiкаў, лёзы, якiя немагчыма было здабыць iнакш. Ўiнстан кiнуў паспешлiвы позiрк у адзiн i другi бок вулiцы, пасля хуценька ўвайшоў у краму i купiў гэты тоўсты альбом за два з паловай даляры. Тады ён яшчэ не ведаў, што будзе з iм рабiць. Нiбы некага саромеючыся, ён схаваў яго ў партфель i прынёс дадому. Альбом, нават чысты, быў ужо сам па сабе рэччу, небяспечнай для захавання.
Пачаць дзённiк - вось што ён збiраўся цяпер зрабiць. Гэта не было незаконна (нiчога не было незаконна, бо нiякiх законаў ужо не iснавала), але калi б пра гэта нехта даведаўся, Ўiнстана, без сумнення, чакала б смерць або, прынамсi, дваццаць пяць гадоў лагера прымусовай працы. Ён уставiў сталёвае пяро ў асадку i намачыў яго языком. Пяро было старасвецкаю прыладай, iм ужо рэдка карысталiся, нават каб паставiць подпiс. Патаемна, з вялiкiмi цяжкасцямi ён набыў адно пяро, бо адчуваў, што гэтая цудоўная гладкая папера заслугоўвае на тое, каб на ёй пiсала сапраўднае пяро, а не крэмзаў нейкi чарнакрэс.
