
- Ну, а дзе ён жыве? - запытаўся палкоўнiк, дэманстратыўна зiрнуўшы на гадзiньнiк.
- Зь вясны ў Рапухi жыў. П'янiца ў нас тут такая... Бiлiся кожнага вечару. Процi ночы нап'юцца, тады ён яе ганяе, а з ранку ўжо, - у гэтым месцы апавядальнiца сьцiшыла голас да шэпту, - iдуць у магазiн пад ручку...
- Ну а дзе ён зараз жыве? - амаль што з адчаем выдыхнуў палкоўнiк.
- Да Райкi Мандрыкавай прыбiўся. Да Рапухi ж мужык прыехаў. Жыў недзе ў Архангельску, цi дзе там... на пасяленьнi. Потым тамака ажанiўся...
- Райка дзе жыве, йоп...!? - гракнуў канчаткова здэнэрваваны палкоўнiк, ды так гучна, што бабуля выпусьцiла з рук вядро, а каза Дуся ўбрыкнула заднiмi нагамi. Калi ж палкоўнiк, плюнуўшы са злосьцi, пабег да сваiх, Дуся рынула сьледам, парываючыся зжаваць канцы палкоўнiцкага мундура.
- Шэф званiў, - гукнуў Кукарэка, калi палкоўнiк падбег да машыны. Зiрнуўшы на шарагоўцаў, маёр выцер рукавом узмакрэлую лысiну. - Загадаў зьбiты аб'ект везьцi ў расейскую амбасаду. Там ужо чакаюць.
Палкоўнiк прычакаў хвiлю, усьведамляючы пачутае, потым зацкавана глянуў на хвост "кукурузьнiка", потым на свае "камандзёрскiя", потым мацюкнуўся - цяпер ужо ўголас - i, сядаючы ў машыну, прамармытаў:
- Паедзем шукаць Райку.
Райчыну хату знайшлi даволi хутка. Стаяла яна на ўзгорку, непадалёку ад лётнiшча - звычайная цагляная будынiна з разнымi шалёўкамi на вокнах. Ступiўшы на шырокi двор, палкоўнiк адразу ж зьвярнуў увагу на тыя шалёўчыны. Ён правёў рукою па шурпатай лiштве й вусны палкоўнiцкiя кранула ўсьмешка: калiсьцi, у далёкiм дзяцiнстве, бацька зрабiў такiя ж лiштвы i ўся вёска хадзiла глядзець на вокны iхнай хаты.
Хвiлiнны одум разьвеяў маёр, тузануўшы за рукаво й паказаўшы пальцам углыб двара. Там, куды паказаў Кукарэка, стаяла прысадзiстая адрына, з прачыненых дзьвярэй якой вырывалася на дваровы прасьцяг сiплаватае храпеньне.
