
I вось яна насьпела, тая шчымлiва-трывожная хвiлiна, калi Кукарэка ўскiнуў на плячук кулямёт, шырокiм крокам пайшоў да самалёта, а сьледам, спрабуючы iсьцi ў ногу з маёрам, рушыў чарнявы шараговец.
- З богам! - прашаптаў усьлед iм палкоўнiк, залез у машыну i, стоiўшы дых, утаропiўся на нерухомы крыж прапэлера.
У нутры "кукурузьнiка" штосьцi загуло, заляскатала, прапэлер зварухнуўся, зрабiўся нябачным i пыльная вiхура, узьнятая самалётам, прымусiла прыкрыць даланёю вочы. Калi ж палкоўнiк растулiў пальцы й зiрнуў адным вокам на сьвет божы, самалёт з шалёным выцьцём бег па полю, не даючы рады ўзьняцца ў паветра, i з-пад лазовай крывулiны, здавалася, сыпалiся iскры.
Палкоўнiк iзноўку зьвёў пальцы, а калi чарговым разам расплючыў вока, дык убачыў, што самалёт адарваўся ад зямлi i, завалiўшыся на левае крыло, пачаў набiраць вышыню. Палкоўнiк налёг сьпiнаю на прыслон сядзеньня, сашчапiў за патылiцай пальцы рук, з палёгкаю ўздыхнуў, але празь iмгненьне прыхапiўся i акруглымi вачыма глянуў на хвост "кукурузьнiка". Прытарочаная да хваста крывулiна нечакана адарвалася, матлянулася на тросе й паляцела долу - акурат на хату, дзе жыла Сазонiха. Назiраючы такое, палкоўнiк ссунуўся на край сядзеньня, спрабуючы такiм чынам зьмянiць траекторыю палёту й яму гэта ўдалося: крывулiна грымнулася дзесьцi ў двары i, мяркуючы па тым, што ў неба ўзьнялiся куры й аблачына парахнi, патрапiла ў бабчын хляўчук.
Самалётны гуд паволi ацiх, над галавою iзноў засьпявалi птушкi, а ў мястэчку натужна забрахалi сабакi, устрывожаныя падзеньнем бервяна.
Палкоўнiк вылез з машыны, стаў ля задняга кола i з такiм шумам выпусьцiў паветра, што гракаўскiя сабакi разам ацiхлi, а потым забрахалi яшчэ больш зацята - з пiлiпаўскiм падвываньнем. Зашпiлiўшы прарэх, палкоўнiк агледзеўся, клiкнуў бялявага шарагоўца i калi той падбег, камандзёрскiм голасам загадаў:
