
I вось, калi шарагоўцы зьнялi з кодабу апошнюю скрыню, гарэза-ветрык задзёр караценькую спаднiцу да самых да зялёных трусiкаў, палкоўнiк хiтнуўся зь небясьпечнай для сябе амплiтудай, i хромавiкi рыпнулi з такой рашучасьцю, зь якой здольныя рыпець толькi боты кадравых штабных афiцэраў. Палкоўнiк пасьмiхнуўся, падцягнуў матню форменных штаноў i ў гэты момант за сьпiнаю ягонай азваўся тэлефон апэратыўнай сувязi. Юрлiвыя крозы выпетрылiся з галавы, палкоўнiк счакаў хвiлiну, у спадзеўцы, што тэлефон ацiхне, але той не ацiхаў, i таму давялося iсьцi да апарата.
Тэлефанавалi аднекуль здалёк: у слухаўцы спачатку штосьцi рыпала, потым узбуджана вохкала, потым задаволена аддзiмалася i, нарэшце, у тэлефонных глыбiнях узьнiк залiвiсты голас нейкага маладзёна.
- Таварыш палкоўнiк... Дакладвае лейтэнант Пашкоў...
- Ну, што там у вас, - палкоўнiк мацюкнуўся, прыцiснуў слухаўку да вуха, але на другiм канцы провада iзноў узбуджана завохкалi, нейкая кабета - вiдаць, тэлефанiстка - рашуча загадала: - Канчайце! - i толькi пасьля гэтага залiвiсты лейтэнантавы голас скалануў мэмбрану:
- Засеклi... Ляцiць на паўночны ўсход...
- Хто ляцiць!? Каго засеклi!? - выдыхнуў палкоўнiк, праводзячы рукой нiжэй сьпiны.
- Аб'ект... Шар дыямэтрам тры мэтры. Вышыня тысяча васемсот. Хуткасьць адзiн мэтар у хвiлю...
- Каардынаты! - гукнуў палкоўнiк, iкнуўшы на апошняй лiтары "а".
- Квадрат 3-62... - лейтэнант хацеў сказаць яшчэ нешта, але ў тэлефоне чарговым разам штосьцi загуло i нейкая кабета, дыхнуўшы ў слухаўку, летуценна запыталася: - Ты часнык пасадзiла?
Палкоўнiк канчаткова страцiў раўнавагу. Ён удыхнуў паветра, зьбiраючыся годна адказаць на такое пытаньне, але не пасьпеў: лейтэнантавы голас зноў казытнуў сапрэлае вуха.
- Там у яго штосьцi боўтаецца...
- У каго? - перапытаў палкоўнiк, хапаючыся за матню.
- У шара...
