
- Больш не магу! - нервова выгукнуў Балаш i пайшоў да выхаду.
- Мы мусiм даслухаць, - сказаў яму Скрут. - Для нас мае значэнне не сутнасць яго адкрыцця, а сам факт.
Яны ўжо нiчога не чакалi ад асуджанага на марудную смерць. Яны думалi аддаць яму данiну як чалавеку. А ён здзiвiў iх зноў.
"Здаецца, усё. Я ведаю формулу".
Трэба быць вялiкiм матэматыкам, каб толькi запомнiць з аднаго разу гэты доўгi рад iнтэгралаў, лiчбаў i знакаў. Чалавек прачытаў яе, потым, падумаўшы, паўтарыў больш павольна, нiбы даючы слухачам магчымасць удумацца ў яе сэнс. I раптам прамовiў з сумненнем: "Цi ўсё гэта?"
- Усё! Усё! - крыкнуў Балаш, быццам чалавек мог яго пачуць. - Людзi на Зямлi вывелi тваю формулу...
Доўгае шыпенне ў навушнiках было адказам Балашу. Чалавек маўчаў. Можа, думаў, можа, у яго не стала ўжо сiлы, каб сказаць апошняе, развiтальнае слова, а можа, ужо лiчыў гэта слова наогул неiстотным, непатрэбным.
Маўчанне шлемафонаў было невыносным. Але нi Скрут, нi Балаш не адважвалiся выключыць апарат. Iм здавалася, што тым самым яны дачасна абарвуць жыццё гэтага мужнага чалавека. Прайшла, напэўна, гадзiна. Вяршынi гор пасвятлелi пачынаўся дзень.
- Трэба вяртацца, - сказаў Балаш, - мы безнадзейна познiмся.
- Яшчэ крышачку... - папрасiў Скрут.
Балаш пакiваў галавой, адчуваючы i сам, што не можа пайсцi адсюль, не дачакаўшыся канца.
Патушылi лiхтар. Ранiшняе святло, лёгкае, свежае, пранiкла праз зроблены Скрутам уваход у пячору. Прамень сонца крануў гермашлем чалавека, i твар яго нiбы ажыў, разгладзiлiся пакутлiвыя складкi. Скрут усхапiўся, навёў кiнаапарат. I тут шлемафоны ажылi.
"Вось цяпер, здаецца, усё".
Зноў прагучала доўгая формула, пасля паўзы чалавек паўтарыў яе. Для гэтага ён знайшоў сiлы. I гэта, вiдаць, былi яго апошнiя намаганнi. Апарат даў сiгнал, што запiс скончаны.
