Вярнулася каралева дамоў дужа задаволеная, думаючы, што яна пазбавiлася ад сваiх пасынкаў; але дзяўчынка не выбегла разам з братамi насустрач ёй, а каралева гэтага не заўважыла. На наступны дзень кароль прыйшоў праведаць сваiх дзяцей, але знайшоў толькi дачку.

- А дзе ж твае браты? - спытаўся ён.

- Бяда, дарагi татка, - адказала дачка, - яны паляцелi i пакiнулi мяне адну. - I расказала яму, што бачыла з акенца, як браты лебедзямi праляцелi над лесам, i паказала пер'е, якое скiнулi яны на падворку i якое яна падняла. Замаркоцiўся кароль, але не ведаў, што гэтую нядобрую справу зрабiла каралева; спалохаўся, што ў яго ўкрадуць i дачку, i вырашыў забраць яе з сабою. Але яна баялася мачыхi i ўпрасiла караля пакiнуць яе яшчэ на адну ноч у лясным замку.

Бедная дзяўчынка падумала: "Нядоўга мне заставацца тут, - пайду я на пошукi сваiх братоў".

Вось ужо i ноч апусцiлася на лес, i выбегла яна з замка i пайшла проста ў лясны гушчар. Праблукала ўсю ноч i ўвесь дзень, пакуль, нарэшце, ад стомы iсцi ўжо не магла. I заўважыла яна паляўнiчы домiк, увайшла ў яго, бачыць - пакой, а ў iм шэсць маленькiх ложкаў, але яна не адважылася легчы, а залезла пад адзiн з ложкаў i вырашыла там начаваць.

Неўзабаве i сонца зайшло, i пачула яна шум i ўбачыла, што прыляцелi да акна шэсць лебедзяў. Яны ўселiся на акне i пачалi здзьмухваць сваё пер'е, i вось лебядзiны ўбор звалiўся з iх, як сарочка. Зiрнула на iх дзяўчынка i пазнала сваiх братоў, узрадавалася i вылезла з-пад ложка. Браты ўбачылi сваю сястру i ўсцешылiся не менш за яе, але радасць iх была кароткай.

- Табе нельга заставацца тут, - сказалi яны, - гэта прытон разбойнiкаў. Калi разбойнiкi вернуцца i знойдуць цябе тут, яны заб'юць цябе.



10 из 237