
Шумна падляцелi да яе лебедзi i апусцiлiся так нiзка, што яна паспела кiнуць iм сарочкi; i як толькi да iх дакранулiся тыя сарочкi, звалiлiся з iх лебядзiныя ўборы, i стаялi перад ёй яе браты, жывыя, здаровыя, i па-ранейшаму прыгожыя, - толькi ў малодшага не хапала левага рукава, i таму на спiне ў яго засталося лебядзiнае крыло. Пачалi яны абдымацца ды цалавацца, i прыйшла каралева да караля, i ён быў моцна здзiўлены, але вось загаварыла яна i сказала:
- Мой любы кароль, з гэтай пары я магу размаўляць i скажу табе, што я нi ў чым не вiнаватая, - i яна расказала яму пра падман старой свекрывi, якая забрала i схавала траiх яе дзяцей. I прынеслi iх у замак на вялiкую радасць караля, а злосную свякроў у пакаранне спалiлi на кастры, i застаўся ад яе адзiн толькi попел.
А кароль i каралева разам з шасцю сваiмi братамi жылi мiрна i шчаслiва доўга-доўга.
ЧОРТ З ТРЫМА ЗАЛАТЫМI ВАЛАСАМI
Жыла аднойчы бедная жанчына, вось нарадзiла яна сыночка, нарадзiўся ён на свет у сарочцы, i было яму прадказана, што на чатырнаццатым годзе ён ажэнiцца з каралеўскай дачкой. I здарылася, што неўзабаве пасля гэтага прыбыў у гэтую вёску кароль; але нiхто не ведаў, што гэта кароль, i калi ён пачаў распытваць у людзей, што ў iх новага, яму адказалi:
- Ды вось нарадзiлася ў нас на гэтых днях дзiця ў сарочцы; што яно нi задумае, ва ўсiм яму будзе ўдача. I прадказана яму яшчэ, што на чатырнаццатым годзе быццам ажэнiцца ён з каралеўскай дачкой.
А было ў караля сэрца лiхое; разгневаўся ён, даведаўшыся аб такiм прадказаннi, i пайшоў да бацькоў хлопчыка, прыкiнуўся такiм ласкавым, такiм добрым i кажа:
- Вы людзi бедныя, аддайце мне ваша дзiця, ужо я аб iм паклапачуся.
Спачатку яны адмаўлялiся, але калi гэты чужы чалавек прапанаваў iм за гэта нямала золата, яны вырашылi: "Ужо як ён нарадзiўся шчаслiўцам, то будзе гэта для яго да лепшага", i яны згадзiлiся i аддалi хлопчыка.
