
- Ты адкуль i куды кiруешся?
- Я iду з млына, - адказаў ён, - кiруюся да каралевы, нясу ёй пiсьмо; ды вось заблудзiўся ў лесе i хацеў бы ў цябе пераначаваць.
- Бедны ты хлопчык, - мовiла бабуля, - бо ты трапiў у разбойнiцкi прытон; калi разбойнiкi вечарам вернуцца дамоў, яны цябе заб'юць.
- Ну, што ж, няхай прыходзiць хто заўгодна, - сказаў юнак, - я нiкога не баюся; я так стамiўся, што iсцi далей не маю сiлы. - I ён лёг на лаўку i заснуў.
Неўзабаве з'явiлiся разбойнiкi i гнеўна спыталi, чаму тут ляжыць нейкi чужы хлопчык.
- Ах, - сказала бабуля, - ды гэта ж зусiм нявiннае дзiця. Хлопчык заблудзiўся ў лесе, i я з жалю яго прытулiла; ён павiнен даставiць пiсьмо каралеве.
Распячаталi разбойнiкi лiст, прачыталi яго, а напiсана ў iм было, што як толькi ён з'явiцца, яго трэба тут жа забiць. I вось адчулi жорсткiя разбойнiкi жаласлiвасць, iх атаман разарваў лiст i напiсаў замест яго новы, дзе сказана было, што як толькi ён з'явiцца, яго зараз жа трэба абвянчаць з каралеўскай дачкой. Яны пакiнулi яго спакойна спаць на лаўцы да самай ранiцы, а калi ён прачнуўся, далi яму лiст i паказалi дарогу.
Каралева, атрымаўшы лiст i прачытаўшы яго, зрабiла так, як было ў iм пазначана: яна загадала наладзiць пышнае вяселле, i каралеўна была павянчана са шчаслiўцам. А паколькi юнак быў прыгожы i ласкавы, то жыла яна з iм радасная i задаволеная.
Праз некаторы час кароль вярнуўся ў свой замак i ўбачыў, што споўнiлася прадказанне i шчаслiвец павянчаны з яго дачкой.
- Як жа гэта здарылася? - спытаў ён. - Я ж у сваiм пiсьме даў зусiм iншы ўказ.
Тады падала яму каралева лiст i сказала: няхай, маўляў, сам паглядзiць, што ў iм напiсана. Прачытаў кароль лiст i адразу заўважыў, што яго падмянiлi iншым. Ён спытаў у юнака, куды падзеўся даручаны яму лiст i чаму ён прынёс замест яго iншы.
- Я нiчога аб гэтым не ведаю, - адказаў ён, - мабыць, яго ноччу падмянiлi, калi я спаў у лесе.
