
Толькi пачаўся свiтанак, яшчэ i сонейка не ўзыходзiла, а мачыха падышла ўжо i пачала будзiць iх:
- Гэй вы, лежнi, час падымацца, збiрайцеся з намi ў лес па дровы!
Дала яна кожнаму з iх па лусце хлеба i кажа:
- Вось гэта будзе вам на полудзень; ды глядзiце, не з'ешце ўсяго раней часу, больш нiчога я вам не дам.
Грэтэль схавала хлеб у свой фартух, бо ў Гензеля кiшэня поўнiлася каменнямi. I яны сабралiся iсцi разам у лес. Прайшлi яны крыху, раптам Гензель запынiўся, азiрнуўся, паглядзеў на хацiну, - так вось ён раз за разам азiраўся i запыняўся. А бацька яму i кажа:
- Гензель, чаго гэта ты ўсё азiраешся ды азiраешся? Не марудзь, iдзi шпарчэй.
- Ах, татачка, - адказаў яму Гензель, - я ўсё гляджу на сваю белую кошачку, вунь сядзiць яна на страсе, нiбы хоча сказаць мне "бывай".
А мачыха i гаворыць:
- Эх, дурань ты, гэта ж не твая котка, гэта ранiшняе сонца блiшчыць на трубе.
А Гензель зусiм i не на кошачку пазiраў, а даставаў з кiшэнi i кiдаў на дарогу блiскучыя каменьчыкi.
Вось увайшлi яны ў самую лясную нетру, а бацька i кажа:
- Ну, дзецi, збiрайце тут галлё, а я зраблю вам цяпельца, каб вы не ахаладалi.
Гензель i Грэтэль нанеслi шмут галля. Падпалiлi яго. Калi полымя добра ўспыхнула, мачыха падае голас:
- Ну, дзеткi, кладзiцеся цяпер ля вогнiшча ды адпачнiце як след, а мы пойдзем у лес дровы секчы. Закончым працу, вернемся сюды i возьмем вас дахаты.
Селi Гензель i Грэтэль ля агню, i, калi надышоў поўдзень, кожны з iх з'еў па кавалачку хлеба. Яны ўвесь час чулi стук сякеры i думалi, што iхнi бацька дзесьцi паблiзу. Але гэта быў зусiм не стук сякеры, а цурбана, якi навязаў дрывасек да сухога дрэва, i ён, гайдаючыся ад ветру, стукаў аб ствол.
Доўга сядзелi яны вось так ля агню, ад стомы пачалi злiпацца iхнiя вочы, i яны моцна-моцна заснулi. А калi прахапiлiся, была ўжо глухая ноч. Заплакала Грэтэль i кажа:
