
А потым быў Неапаль i неапальскiя жанчыны, i некаторых з iх таксама звалi Луiджыя. Пасля - поўдзень Францыi. Яго сябры з нецярпеннем рвалiся ў Лондан i адплылi туды першым параходам. Мiлес яшчэ цэлы месяц прабыў памiж гiшпанскай i iталiйскай гранiцай. Усё не хапала смеласцi вярнуцца да Луiджыi. А што, калi там муж, якi ўсё зразумее... А што, калi мужа няма, i цi зможа тады ён утрымацца перад залiтымi сонцам палямi, перад старым хутарам, перад Луiджыiнымi пацалункамi, цi зможа ён - выпускнiк славутага Iтанскага коледжа, стаць iталiйскiм селянiнам? Мiлес усё хадзiў па ўзбярэжжы Мiжземнага мора, клаўся на пясок i пiў каньяк.
Усё гэта скончылася, калi ён вярнуўся ў Ангельшчыну. Глэдзiс, дарэчы, выйшла замуж за Джона. Мiлес ужо не мог так добра, як некалi, гуляць у тэнiс. Яму давялося шмат працаваць, каб замянiць бацьку. Маргарэт была абаяльная, верная i адукаваная. I, зрэшты, вытанчаная...
Мiлес расплюшчыў вочы, успомнiў пра каньяк i адпiў проста з бутэлькi. Ад алкаголю ён пачырванеў i стамiўся. Сёння ранiцай ён заўважыў, што ў яго на левым воку лопнуў адзiн капiляр. Луiджыя, вiдаць, цяпер распаўнела i завяла. I гарышча закiнутае. I вiно там ужо не тое. I нiчога яму не заставалася, як iсцi па пратаптанай дарозе: кантора, снеданне, палiтычныя навiны ў газетах. Кантора, аўтамабiль, "хэло", Маргарэт, а па нядзелях - дача з Сiместрамi цi Джонамi, 15 ачкоў у партыi ў гольф, содавая вада. Гэтыя частыя бясконцыя дажджы i, дзякуй богу, каньяк.
Бутэлька апусцела, Мiлес адкiнуў яе i з цяжкасцю ўстаў з зямлi, не хацелася вяртацца да гасцей. I чаму ён ад iх уцёк? Гэтак жа нельга. Гэта непрыстойна. I нечакана ён пазайздросцiў iталiйцам... Тыя могуць, спынiўшы свае аўтамабiлi, лаяць адзiн аднаго на чым свет стаiць, пагражаць нават смерцю, аднак i пальцам не паварушаць, каб здзейснiць свае пагрозы. I ён засмяяўся. Спынiўся. Чаго ён смяяўся на гэтым газоне перад сваiм катэджам?
