
О, як было горача, горача, раставала соль цi, прынамсi, мне так здавалася, паветра рэзала вочы, i тады ўвайшоў шаман, без маскi. За iм, амаль зусiм голая, у адной шаравай анучы, iшла жанчына, яе твар, пакрыты татуiроўкай, ад якой ён рабiўся падобны да маскi фетыша, не выяўляў нiчога, апроч нейкага злога, iдальскага здранцвення. Жыло толькi тонкае i пляскатае цела, якое абрушылася да падножжа бога, як толькi шаман адчынiў маленькiя дзверы ў фетышаў катушок. Потым ён выйшаў, не гледзячы на мяне, спякота мацнела, я не кратаўся з месца, фетыш пазiраў на мяне па-над целам нерухомай жанчыны, адно яе цяглiцы неўпрыкмет варушылiся, i iдальскi твар амаль не змянiўся, калi я падышоў блiжэй. Толькi вочы выраслi раптам i ўтаропiлiся на мяне, а мае ногi дакранулiся да яе ног, i спёка разам завыла, i iдал-жанчына без адзiнага слова, па-ранейшаму гледзячы на мяне сваiмi вырачанымi вачыма, пачала хiлiцца назад, упала на спiну, падабрала пад сябе свае ногi, потым падняла i паволi, мякка рассунула каленi ўбок. Але адразу ж, хр-р, шаман пiльнаваў мяне, яны ўсе ўварвалiся, адкiнулi мяне ад жанчыны i пачалi бiць, жудасна бiць у месца граху, граху! Якi грэх, я смяюся, дзе ён, дзе дабрачыннасць, яны прыгваздалi мяне да сцяны, сталёвыя пальцы сцiснулi скiвiцы, другiя прымусiлi разявiцца рот i выцягнулi мне язык, пакуль ён не залiўся крывёю, i нехта выў - цi не я? - крычаў дзiкiм, жывёльным крыкам, i тады па маiм языку прайшлася вострая i ласкавая свежасць, сапраўды, то была, нарэшце ўжо, свежасць.
