
Я маю за што паквiтацца з iм i з яго настаўнiкамi, з маiмi настаўнiкамi, якiя ашукалi мяне, з усёй гэтай гiдкай Эўропай, мяне ўсе ашукалi. Мiсiя! Ва ўсiх у iх было адно гэтае слова на вуснах, пайсцi да дзiкуноў i сказаць: "Вось мой бог, глядзiце на яго, ён нiколi не б'е i не забiвае, ён загадвае мяккiм голасам, ён падстаўляе другую шчаку, гэта сама вялiкi з усiх багоў, абярыце яго, зiрнiце, якiм добрым, якiм лейшым за iншых зрабiў ён мяне, зняважце мяне, i ў вас будзе гэтаму доказ". Але, я даў веры, хр-хр, я адчуваў сябе лепшым, я памажнеў, быў амаль што прыгожы i прагнуў знявагi. Калi мы шчыльнымi i чорнымi шэрагамi iшлi пад летнiм грэнобльскiм сонцам i насустрач нам траплялiся дзяўчаты ў лёгкiх сукенках, я не адводзiў вачэй, я пагарджаў iмi, я чакаў, каб яны мяне зняважылi, i часам яны смяялiся. Я думаў тады: "Няхай яны мяне ўдараць, няхай плюнуць у твар", - i iх смех, далiбог, гэта было тое самае, ашчацiнены зубамi i кпiнамi, ён працiнаў наскрозь, знявага i боль былi такiя ласкавыя! Мой духоўнiк не разумеў, калi я журыўся: "Ды што вы, у вас шмат дабрынi!" Дабрынi! Кiслага вiна - вось чаго ўва мне было шмат, але тым было лепш, бо як зробiшся лепшым, калi ты не благi, з усяго, чаму мяне навучалi, гэта я зразумеў выдатна. Я наогул зразумеў толькi гэта, адзiную думку, i вось, разумненькi тугадум, я вырашыў дайсцi да канца, я iшоў насустрач пакаранню, я ўрэзваў сабе ў ежы, нарэшце, я таксама - я хацеў быць узорам, хацеў, каб мяне бачылi i каб, убачыўшы мяне, ушанавалi таго, хто зрабiў мяне лепшым, каб праз мяне ўславiлi майго бога.
