
Калi я ўцёк з семiнарыi, у Алжыры, я ўяўляў iх iначай, гэтых варвараў, адно толькi было праўдаю ў маiх марах, яны злыя. Я ўкраў грошы ў манастырскага скарбнiка, скiнуў расу, перасек Атлас, высокiя пляскатыя ўзгор'i i пустэльню, шафёр транссахарскага аўтобуса смяяўся з мяне: "Не хадзi туды", - ён таксама, ды што на ўсiх iх найшло, а потым былi пясчаныя хвалi, сотнi кiламетраў, уздыбленыя, яны насоўвалiся i адступалi пад подыхам ветру, i потым - зноў гара, уся ў чорных спiчастых пiках з завостраным, нiбыта сталёвым грэбенем, а далей спатрэбiўся павадыр, трэба было прабiцца скрозь гэты бясконцы акiян з бурага камення, якi выў ад спёкi, апаляў тысячамi вогненных люстраных асколкаў, трэба было выйсцi да гэтага месца, гэтай мяжы памiж землямi чорных i белай краiнай, дзе высiцца салявы горад. А грошы, тыя грошы ў мяне ўкраў павадыр, наiўны, як заўсёды наiўны, я яму iх тады паказаў, i ён збiў мяне i пакiнуў на гэтай сцяжыне, вось тут, якраз непадалёк ад гэтага месца: "Псюк, вось тая дарога, у мяне ўсё-такi ёсць нейкi гонар, iдзi ж, iдзi туды, яны навучаць цябе", - i яны мяне навучылi, о, праўда, яны, як гэтае сонца, што палiць бясконца i не згасае нiколi, хiба што ўначы, яно палiць заўсёды, люта i пыхлiва, яго пякучыя дзiды ляцяць адусюль, вылятаюць раптам з зямлi, о, схавацца, схавацца, хутчэй схавацца, пад гэтай высокай скалой, пакуль яшчэ ўсё не паплыло ў спякотным мроiве.
Тут хораша, засень. Як можна жыць у гэтым салявым горадзе, на дне гэтай лагчыны, поўнай белага сквару? На ўсiх яго роўных сценах, груба высечаных i абчасаных вострым кайлом, кожная выбоiнка, пакiнутая ўдарамi кiркi, тапырыцца сляпучай луской, густы бялявы пясок забiваецца ў iх бляклаю жоўтаю фарбай, але варта дзьмухнуць добраму ветру, як ён вымятае роўныя сцены i пляскатыя дахi, i ўсё зноў запаляецца вогненнай белатой, пад задушлiвым небам, таксама надраеным аж да блакiтнай сваёй шкарлупiны.