Хоць я нiколi i не была тут, аднак, зiрнуўшы направа, адразу пазнала пейзаж. Вяршынi таполяў падымалiся над лiпавым паркам. I праз кволае лiсцейка маладых лiп прасвечваў знаёмы мне асабняк. Я была ўпэўнена, што гэта менавiта ён, той самы дом, якi я снiла. Я ведала, што, метраў цераз сто, шашу перасякае вузкая дарога. Так яно i было. Я павярнула машыну i праз некалькi хвiлiн апынулася перад белым шлагбаўмам.

Там пачыналася алея, па якой я так часта хадзiла.

Едучы ў засенi дрэў, я любавалася стракатымi кiлiмамi знаёмых мне кветак барвенак, прымулы, анемоны... Выбраўшыся на прагал, я ўбачыла зялёны газон i ганак з адмысловымi дзвярамi. Я выйшла з машыны, узбегла на ганак i пазванiла.

Больш за ўсё я баялася, што нiхто не адклiкнецца, але амаль у тую ж хвiлiну выйшаў слуга, заклапочаны стары чалавек у чорным пiнжаку. Убачыўшы мяне, ён страшэнна здзiвiўся i доўга моўчкi мяне разглядваў.

- Можна мне звярнуцца да вас з просьбай не зусiм звычайнай, - прамовiла я, крыху разгубiўшыся. - Я не ведаю гаспадароў гэтага дома, але палiчыла б за шчасце, калi б яны мне дазволiлi пабываць у iх.

- Асабняк здаецца ў наймы, мадам, - адказаў слуга са смуткам. - Мне даручана паказваць яго наведвальнiкам.

- Здаецца ў наймы? Якая нечаканая ўдача!.. Чаму ж гаспадары самi не жывуць у такiм прыгожым доме?

- Гаспадары ў iм жылi, мадам. Яны яго пакiнулi, бо ў маёнтку завялася здань.

- Здань? Ну, гэта мяне анi не турбуе. Вось не думала, што ёсць яшчэ ў Францыi куткi, дзе вераць у нячыстую сiлу...

- Я б не паверыў, мадам, - прамовiў зусiм сур'ёзна слуга, - каб гэтая здань, ад якой збеглi мае гаспадары, не намазолiла вочы мне самому... Тут у парку, начамi...

- Выдумалi байку! - усмiхнулася я.

- Байка, кажаце? - пакрыўдзiўся стары. - Каму-каму, а вам няма чаго смяяцца, мадам, бо гэтая здань - вы.

Пераклад: Юрка Гаўрук



2 из 3