- Ну, пане радца, гэта былi "Партагас-Эмiнэнтэс".

- I Вы б маглi знайсцi такiя мне?

- Вядома ж, у мяне на складзе яны ёсць.

- Гора Вам, калi ў iх будзе iншы пах, чым той, што я тут сёння ўнюхаў.

Крамнiк яшчэ раз прынюхаўся i сказаў:

- "Партагас-Эмiнэнтэс". Даю галаву на адсячэнне, калi памыляюся, пане радца. Чатыры маркi за штуку - колькi Вы жадаеце?

- Адну, шаноўны Кольбэ, адну. Чатыры маркi - гэта столькi, колькi зарабляў мой дзед за тыдзень, а я шаную нябожчыкаў, я сентыментальны, Вы ведаеце. Божа мой, гэтая цыгара перабiла пах тых дваццацi тысячаў цыгарэт, што тут выкурыў раней мой сын.

Яна ўспрыняла як вялiкi гонар для сябе тое, што стары Фэмель выкурыў сваю цыгару пры ёй; ён сядзеў, адкiнуўшыся ў сынавым фатэлi, якi быў яму завялiкi; яна падсунула яму пад плечы падушку i слухала ягоную гаворку, выконваючы найбольш адтрэнiраваны свой абавязак: наклейванне марак на канверты. Яна павольна праводзiла адваротным бокам зялёнага, чырвонага, блакiтнага "хойса" па губцы, наклейвала яго акуратна на правым верхнiм рагу лiстоў, якiя чакала падарожжа ў Шыльгенаўэль, Глудум або Блесэнфэльд. Яна рабiла гэта рупна i дакладна, а ў гэты час стары Фэмель у фатэлi аддаваўся асалодзе i раскошы, якiх ён дарэмна шукаў апошнiя пяцьдзесят гадоў.

- Божа мой! - ускрыкнуў ён. - Дарагое дзiцятка, я нарэшце ведаю, што такое цыгара! Так доўга я мусiў чакаць гэтага - аж да самага дня, калi мне споўнiлася восемдзесят год... не трэба турбавацца, мiлая мая, але напраўду мне сёння споўнiлася восемдзесят - хiба гэта не Вы хадзiлi сёння заказваць кветкi на даручэнне майго сына? Ну, хай сабе... Пра мой дзень нараджэння пагаворым пазней, добра? Ад сэрца хачу запрасiць Вас на святочную вячэру, сёння а сёмай, у кавярнi "Кронэр" - але ж скажыце мне, калi ласка, чаму за тыя пяцьдзесят, а дакладней - за той пяцьдзесят адзiн год, што я купляю цыгары ў гэтай краме, такой вось мне не прапаноўвалi нi разу? Можа, яны думаюць, што я скнара? Нiколi ў жыццi iм не быў, даражэнькая Леанора, Вы ведаеце гэта.



10 из 279