пацалаваў мне ў шчаку - вуснамi сямiгадовага дзiцяцi, але нiхто, чуеш, Леанора, нiхто не прыняў маiх дарункаў: усё вярнулася да мяне - маёнткi i рахункi ў банках, працэнты з рэнтаў i падаткаў. Я нiводнага разу не змог чаго-небудзь ахвяраваць; толькi мая жонка магла рабiць гэта, i яе дарункi прымалiся - але калi я ўночы ляжаў каля яе, я не раз чуў, як яна нешта мармытала: доўга, лагодна сплываў, як вада, шэпт: "навошта-навошта-навошта..."

I зноў плакаў стары чалавек, цяпер у вайсковай форме, капiтан сапёрных войскаў у запасе, радца Генрых Фэмель; адпушчаны на некалькi дзён дадому ў сувязi са смерцю сямiгадовага сына; Кiльбава фамiльнае гробiшча прыняло белую дамоўку: цёмны, вiльготны мур i свежыя, нiбы сонечныя прамянi, лiчбы, год смерцi 1917-ты. Роберт, у чорным аксамiтавым касцюмчыку, чакаў на вулiцы ў карэце...

У Леаноры выпала з рук марка, гэтым разам фiялетавая; у яе не ставала адвагi наклеiць яе зараз на лiст да Шрыта; конi, запрэжаныя ў карэту, пырхалi ад нецярплiвасцi перад могiлкавай брамаю, а двухгадоваму Роберту Фэмелю было дазволена патрымацца за лейцы: чорная скура, патрэсканая па краях, i свежае золата лiчбаў, што зiхцела ярчэй ад сонечных прамянёў...

- Чым ён займаецца, што робiць мой сын - адзiны, якi застаўся ў мяне, Леанора? Што ён робiць у гатэлi "Прынц Генрых" шторанiцы, з паловы дзесятай да адзiнаццацi... яму было дазволена зблiзку паглядзець, як коням падвязваюцца торбы з аброкам; што ён робiць? Скажыце мне, прашу Вас, Леанора!

Вагаючыся, яна падняла фiялетавую марку i сказала цiха:

- Я не ведаю, што ён там робiць. Далiбог, не ведаю.

Стары зноў засунуў цыгару ў рот; усмiхаючыся, адкiнуўся ў фатэлi - як быццам нiчога не адбылося.

- Як Вы паглядзiце на тое, калi я запрашу Вас на пастаянную работу ў другой палавiне дня? Я б заходзiў па Вас сюды, у бюро, мы б разам палуднавалi, а з другой да чацвёртай або да пятай, як Вы жадаеце, Вы б дапамагалi мне ўпарадкоўваць паперы там, наверсе. Што Вы пра гэта думаеце, мiлае дзiцятка?



13 из 279