- Вельмi часта, лэдзi Хемптан. У большасцi выпадкаў ёсць пiсьмы, ёсць сведчаннi. Безумоўна, пiсьмы могуць ашукваць, а сведчаннi выклiкаць падазрэнне, iх трэба разглядаць крытычна.

Лэдзi Хемптан, павярнуўшыся да свайго суседа, навяла на яго старамодны ларнет.

- А што вы скажаце, калi я прынясу вам дзённiк лэдзi Спенсэр-Свiфт (яе iмя Пандора) таго часу, калi яна сустракалася з Байранам? I ў дадатак яго пiсьмы да яе.

Малады француз аж пачырванеў ад радасцi.

- Я скажу, як iндусы: лэдзi Хемптан, вы мой бацька i мая мацi. Вы закладаеце падмурак пад маю кнiгу... Няўжо ў вас сапраўды ёсць гэтыя дакументы? Прабачце за такое пытанне?.. Гэта так дзiўна, так нечакана!..

- Не, - адказала яна. - Я ведаю, што такiя дакументы захавалiся, але ў мяне iх няма... Яны належаць цяперашняй лэдзi Спенсэр-Свiфт, Вiкторыi, маёй сяброўцы; мы вучылiся разам у пансiёне. Яна iх нiкому дагэтуль не паказвала.

- Тады чаму яна даверыць iх мне?

- Таму што я яе папрашу... Вы яшчэ слаба ведаеце наш край, пан Марсена. Ён повен таямнiц i непрадбачанага. На гарышчах i ў падвалах нашых сельскiх замкаў схавана нямала скарбаў. Гаспадарам яны не ў галаве. I трэба дайсцi да галечы, прадаць дом цi пусцiць маёмасць з малатка, каб гэтыя архiвы з'явiлiся на свет. Спатрэбiўся здагадлiвы i ўчэпiсты амерыканец, каб славутыя паперы Босуэла вылезлi з кракетнай скрынкi, дзе яны пакрывалiся пылам.

- Вы думаеце, што здагадлiвы i ўчэпiсты француз можа мець гэтакi ж поспех без дзесяткаў тысяч даляраў, якiя той заплацiў за паперы Босуэла?

- Вiкторыя Спенсэр-Свiфт не цiкавiцца далярамi. Ёй, як i мне, больш за восемдзесят. Ёй хапае i сваiх прыбыткаў. Не, адзiнае, што яе можа прымусiць, гэта - прыхiльнасць да вас, - вядома, калi вы здолееце абудзiць сiмпатыю, а таксама надзея, што вы створыце прывабны партрэт прабабкi яе мужа.

- Лорд Спенсэр-Свiфт памёр?

- Не лорд, а баранет... Сэр Аляксандр Спенсэр-Свiфт - апошнi ў родзе носьбiт гэтага тытулу. Вiкторыя i цяпер яшчэ жыве ў тым доме, дзе пабываў Байран... Гэта ў графстве Глостэр, цудоўная сядзiба часоў Елiзаветы. Хочаце пашукаць шчасця i паехаць туды?



2 из 15