Наведвальнiкi зашапталiся:

- Тая самая...

Дварэцкi, ледзь прыкметна кiўнуўшы ў знак разумення i згоды, заставаўся велiчным i сур'ёзным.

- Так, - пацвердзiў ён цiха, - тая самая, што была палюбоўнiцай лорда Байрана. У яе гонар ён напiсаў славуты санет "Да Пандоры".

Двое з групы турыстаў прадэкламавалi пачатак санета.

Дварэцкi адобрыў лёгкiм кiўком галавы:

- Вы не памылiлiся... А цяпер мы наблiжаемся да сэра Роберта Спенсэр-Свiфта, сына папярэдняга (1808- 1872). Партрэт работы Джона Мiлеса.

Нахiлiўшыся да слухачоў, як пастух да авечак, ён дадаў канфiдэнцыяльна:

- Сэр Роберт нарадзiўся за чатыры гады да прыезду лорда Байрана ў Уайндхорст.

Маладзенькая дзяўчына запытала:

- А чаго Байран прыязджаў сюды?

- Таму што ён быў другам сэра Ўiльяма.

- Вунь яно што! - згадзiлася дзяўчына.

Эрвэ Марсена адстаў ад групы, каб больш уважна разгледзець абодва партрэты. У мужа быў шырокi твар, чырвоны ад добрага вiна i свежага паветра. Ён здаваўся фанабэрыстым i сярдзiтым. Жонка была ўвасабленнем спакойнай нявiннасцi, прыгажосцi амаль нябеснай. Аднак, прыгледзеўшыся, можна было ўгадаць за чыстым позiркам вачэй прытоеную пачуццёвасць i гарэзлiвасць, нават даволi жорсткую. Малады чалавек яшчэ быў у сваiх марах, калi група турыстаў пратупала назад. Дварэцкi, нахiлiўшыся над яго вухам, ветлiва прашаптаў:

- Прабачце, сэр, цi ёсць у вас бiлет? Вы з'явiлiся пазней за ўсiх... Яны ўжо ўсё аплацiлi... Так што, калi вы жадаеце...

- Я не турыст. Лэдзi Спенсэр-Свiфт мела ласку запрасiць мяне сюды правесцi пару вольных дзён i азнаёмiцца з паперамi, якiя мяне цiкавяць.

- Прашу прабачэння, сэр. Значыць, вы i ёсць той малады француз, рэкамендаваны лэдзi Хемптан? Хвiлiначку, сэр... Я праводжу гэтых людзей, потым падымуся папярэдзiць яе мiласць. Пакой вам падрыхтаваны, сэр. Багаж у машыне?



4 из 15