месцейку, каб усё было прыгожа, камфортна, выгодна, каб абслуга была выхаваная, хочацца заплюшчыць вочы i нi ў чым ужо сябе не стрымлiваць, i яшчэ было б цудоўна, каб была музыка, цiхуткая такая, прыглушаная, i дарэчы, не так ужо гэта i дорага - можна часам i ў дансiнг "Амбасадор" схадзiць; а тут гэтыя гарсоны - ну такiя нахабныя: адразу вiдаць важдаюцца ўвесь час з рознай драбязой; хiба што гэты брунецiк, што мяне абслугоўвае, - нiчога такi, прыязны; а Люлю дык, вiдаць, падабаецца бачыць вакол сябе гэтых тыпаў, яна ўвогуле напалохалася б, каб ёй спатрэбiлася пайсцi ў якое шыкоўнае месца; яна ж нiколi ў сабе не ўпэўненая, i заўсёды, як толькi мужчына з добрымi манерамi, дык яна бянтэжыцца. Луi, напрыклад, ёй не падабаўся; але ўжо тут, я думаю, яна адчувае сябе цудоўна, некаторыя ж тут нават без накладных каўнерыкаў, такi ўжо жабрацкi выгляд, сядзяць са сваiмi пiпкамi, а яшчэ так на вас i зiркаюць, i нават не падумаюць, каб хоць не так яўна было, адразу вiдаць, што iм нават за жанчыну няма чым заплацiць, хоць у гэтым квартале такога дабра хапае, аж брыдка; здаецца, зараз так вас i праглынуць, нават няздольныя культурна паказаць, што яны вас жадаюць, каб хоць павярнуць усё неяк, каб вам прыемна было". Падышоў гарсон:

- Ваша порта, паненка, сухое, як i прасiлi.

- Ага, дзякуй.

Прыязным голасам ён дадаў:

- Надвор'е якое сёння, цуд!

- Ды даўно ўжо пара б, - адказала Рырэта.

- Ваша праўда, здавалася, зiма ўжо нiколi не скончыцца.

Ён пайшоў, i Рырэта правяла яго позiркам. "Падабаецца мне гэты гарсон, падумала яна, - умее трымацца на сваiм месцы: i не фамiльярны, i заўсёды знойдзе патрэбнае слова, кожнага ўважыць".

Яна заўважыла, што на яе настойлiва пазiрае нейкi худы i гарбаваты юнак, i, пацiснуўшы плячыма, павярнулася да яго спiнай. "Калi хочаш строiць жанчынам вочкi, навучыся спачатку мяняць бялiзну. Так яму i скажу, калi толькi надумае прычапiцца. I ўсё-ткi цiкава, чаму яна дагэтуль яго не кiне? Не хоча, каб Анры пакутаваў.



11 из 37