
Але неўзабаве яго марудная i стомленая постаць паказалася другi раз, i ён зноў сеў, толькi крыху зводдаль, быццам сцерагчы iх.
Мацi з дочкамi спалохалiся. Асаблiва трывожылася мацi, бо па натуры была палахлiвая, а таксама ад таго, што яе муж Левек меўся вярнуцца толькi за поўнач.
Яе мужа звалi Левек, а яе - Мартэн, i iх ахрысцiлi Мартэн-Левекамi. I вось чаму: першы раз яна выйшла за марака Мартэна, якi штолета плаваў да Ньюфаўндленда лавiць траску.
За два гады жыцця яна нарадзiла дзяўчынку i шосты месяц хадзiла другою, калi мужаў карабель "Дзве сястры" - трохмачтавiк з Дзьепа - недзе знiк.
Нiхто больш нiколi не чуў пра яго, нiводзiн марак, якi ступiў на яго палубу, не вярнуўся, i ўсе палiчылi, што ён загiнуў.
Мартэнава жонка дзесяць гадоў чакала мужа i ў змаганнi з галечай гадавала двое дзяцей. Аднойчы мясцовы рыбак Левек, якi пасля смерцi жонкi застаўся з сынам на руках, прапанаваў пажанiцца смелай i добрай жанчыне. Яны ўзялi шлюб, i за тры гады ў яе нарадзiлася яшчэ двое дзяцей.
Жыццё iх было горкае i працавiтае. Хлеб каштаваў дорага, а мяса было зусiм рэдкiм госцем у хаце. Парой, падчас зiмовых шквалаў i навальнiц, яны бралi пазыку ў пекара. Нягледзячы на ўсё, дзецi не хварэлi. Вяскоўцы казалi:
- Добрыя яны людзi, Мартэн-Левекi. Мартэн увiшная гаспадыня, а над Левекам рыбака няма.
Дзяўчынка каля веснiчак сказала:
- Мусiць, ён ведае нас. Можа, гэта якi жабрак з Эпрэвiля цi Азбоска.
Але мацi не магла памылiцца. Не, не, ён не тутэйшы!
Чалавек нiбы аслупянеў, пiльна ўглядаючыся на жытло Мартэн-Левекаў; Мартэн узлавалася, ад страху асмялела, схапiла рыдлёўку i выйшла на ганак.
- Што вы тут робiце? - крыкнула яна бадзягу.
Ён хрыпла адказаў:
- Сяджу i дыхаю паветрам! Я што, замiнаю вам?
Яна сказала:
- А чаму гэта вы шпiгуеце за маiм домам?
Той азваўся:
- Я нiкому не раблю зла. Хiба нельга пасядзець пры дарозе?
