Вам падабаецца нават плоць чалавека, нават яго манера ступаць нiбы ў цяжкапараненага, што аднаўляе страчаныя iм функцыi, гэты яго выгляд, з якiм ён нiбыта пры кожным кроку нанава выдумляе хаду, - ну i, вядома, яго славутыя вочы, погляд якiх не можа вытрываць звер. Менавiта таму вам было так лёгка знайсцi той адпаведны тон, каб расказаць чалавеку пра чалавека, - крыху сарамлiвы, але заўзяты i палкi. Людзi кiдаюцца на вашыя кнiгi, як на ласунак, чытаюць iх ва ўтульных фатэлях, думаюць пра тую вялiкую, няшчасную i цiхую любоў, што вы iм несяце, i гэта iх шмат у чым супакойвае - у тым, што яны брыдкiя, у тым, што яны подлыя i баязлiвыя, што iм настаўляюць рогi i з першага студзеня не павялiчылi жалавання. I пра ваш апошнi раман кожны з задавальненнем кажа: гэта добры ўчынак.

Вам, я думаю, будзе цiкава даведацца, што можа быць чалавек, якi не любiць людзей. Дык вось, гэты чалавек - я, i я настолькi iх мала люблю, што зараз пайду i заб'ю недзе з паўтузiна. Вы, напэўна, падумаеце: чаму толькi паўтузiна? Ды таму, што ў маiм рэвальверы ёсць толькi шэсць набояў. Вось жа якая пачварная жудасць, праўда? I апроч таго - учынак, якi не мае нiякага дачынення да палiтыкi? Але ж я вам кажу: я не магу iх любiць. Я выдатна разумею, што вы адчуваеце. Але тое, што вас у iх вабiць, - ува мне выклiкае агiду. Як i вы, я, вядома, бачыў людзей, якiя з вялiкаю годнасцю i дасведчанасцю жавалi свой харч, гартаючы левай рукой эканамiчны часопiс. Але цi ж мая вiна, што я з большай ахвотай прысутнiчаў бы на трапезе марскiх коцiкаў? Чалавек нiчога не можа зрабiць з сваiм тварам, каб гэта адразу не абярнулася гульнёю фiзiяномii. Калi ён жуе, не разяўляючы рота, куточкi губ у яго падымаюцца i апускаюцца, i гэта надае яму такi выгляд, нiбы ён безупынку пераходзiць ад стану цiхамiрнае супакоенасцi да плаксiвага здзiўлення. Вам гэта падабаецца, я ведаю, вы называеце гэта пiльнасцю Розуму. А мяне праз гэта нудзiць - я i сам не разумею чаму; такi ўжо я нарадзiўся.



10 из 18