
Мне патрэбна была гадзiна, болей я не прасiў, - адна гадзiна, каб нацешыцца сваiм лiхадзействам, каб адчуць яго страшэнны цяжар. I я зраблю ўсё, каб яна ў мяне была: экзекуцыю я вырашыў здзейснiць у самым пачатку вулiцы Адэсы. Я скарыстаюся панiкай i паспею ўцячы, пакуль яны будуць падбiраць свае трупы. Дзеля гэтага мне трэба будзе перабегчы на другi бок бульвара Эдгара Кiнэ i адразу павярнуць на вулiцу Дэлямбр. Каб дабегчы да дзвярэй свайго дома, мне хопiць трыццацi секунд. Тыя, хто будзе за мною гнацца, будуць у гэты момант яшчэ на бульвары Эдгара Кiнэ, яны страцяць мой след, i, каб зноў на яго напасцi, iм яўна спатрэбiцца не менш за гадзiну. Я iх буду чакаць у сябе i, як толькi пачую грукат у дзверы, перазараджу рэвальвер i стрэлю сабе ў рот.
Цяпер я дазволiў сабе крыху раскашаваць; я дамовiўся з карчмаром на вулiцы Вавэн, i ён, уранку i ўвечары, пасылаў мне розныя смачныя стравы. Пасыльны званiў, але я не падыходзiў да дзвярэй, i толькi счакаўшы колькi хвiлiн, крыху адчыняў iх i бачыў пакiнуты на пляцоўцы доўгi кош з поўнымi талеркамi, над якiмi падымалася пара.
27 кастрычнiка, а шостай гадзiне вечара, у мяне заставалася семнаццаць з паловай франкаў. Я ўзяў рэвальвер, пачак з пiсьмамi i выйшаў. Дзверы я паклапацiўся не зачыняць, каб пасля, калi зраблю сваю справу, як мага хутчэй вярнуцца дадому. Адчуваў я сябе нядобра: у мяне стылi рукi, у галаве пульсавала кроў i ў вачах свярбела. Я паўзiраўся вакол, убачыў вiтрыны, гасцiнiцу "Эколь", канцылярскую лаўку, дзе звычайна купляў алоўкi, - i нiчога не пазнаў. "На якой гэта я вулiцы?" - спытаў я ў сябе. На бульвары Манпарнас быў натоўп. Людзi штурхалi мяне, пынялi, бiлi локцямi i ўдаралi плячыма.
