- Як ужо ён мне абрыдзеў, гэты смаркач.

Сэрца ў мяне бiлася так моцна, што нават балелi рукi. Я рушыў яшчэ крыху наперад i знерухомеў, спынiўшыся перад iмi. Праходзячы, мужчына сказаў:

- Прабачце.

Тут я ўспомнiў, што зачынiў дзверы ў кватэру, i мне зрабiлася прыкра: цяпер давядзецца трацiць каштоўны час, каб iх адчынiць. Людзi прайшлi. Я павярнуўся i машынальна рушыў за iмi. Але страляць мне ўжо не хацелася. Хутка яны згубiлiся на бульвары ў натоўпе. Я стаў i абаперся спiнаю аб сцяну. Я чуў, як прабiла восем гадзiн, потым дзевяць. Я стаяў i паўтараў сам сабе: "Навошта забiваць усiх гэтых людзей, калi яны i так ужо мёртвыя". Мяне разбiраў смех. Падбег нейкi сабака i пачаў абнюхваць мне ногi.

Побач прайшоў тоўсты мужчына, тады я схамянуўся i пайшоў следам за iм. Я глядзеў на тлустую складку ў яго на патылiцы, якраз памiж капелюшом i каўнерам плашча. Мужчына крыху хiстаўся з боку на бок i шумна дыхаў. Выгляд у яго быў каржакаваты. Я выняў рэвальвер: ён блiшчаў i пёк холадам пальцы, мне агiдна было на яго глядзець. Я ўжо не вельмi добра памятаў, што з iм мушу рабiць. Я пазiраў то на рэвальвер, то на мужчынаў карак. Складка на карку ўсмiхалася мне, як усмешлiвы кплiвы рот. Я думаў, цi не выкiнуць рэвальвер у рышток.

Раптам тып павярнуўся i раздражнёна зiрнуў на мяне. Я крыху адступiў назад.

- Я хацеў у вас... спытаць...

Мне здалося, што ён мяне не слухае. Ён глядзеў мне на рукi. Перамагаючы сябе, я закончыў:

- Вы не можаце мне сказаць, дзе вулiца Гетэ?

У яго быў мясiсты твар, вусны дрыжалi. Ён не адказаў. I працягнуў руку. Я адступiў яшчэ i сказаў:

- Я хацеў...

У гэты момант я зразумеў, што зараз пачну крычаць. Я не хацеў: i выпусцiў яму тры кулi ў жывот. Ён упаў з нейкiм iдыёцкiм выглядам на каленi, i яго галава скацiлася на левае плячо.



16 из 18