
Малады праваднiк Ульрых Кюнсi, высокi даўганогi швейцарац, пакiнуў ззаду Хаўзэра-бацьку i старога Гаспара Хары i дагнаў мула, на якiм сядзелi жанчыны.
Маладзейшая глядзела, як ён наблiжаецца, i, здаецца, клiкала яго сумным позiркам. Гэта была маленькая бялявая дзяўчына з бледнымi шчокамi i валасамi, нiбы пабляклымi ад доўгага жыцця сярод iльдоў.
Дагнаўшы мула, ён паклаў руку яму на крыж i сцiшыў хаду. Панi Хаўзэр пачала з iм размаўляць, пералiчваючы да апошняе дробязi ўсе iнструкцыi, што датычылiся зiмавання. Ён заставаўся наверсе ўпершыню, а стары Хары перазiмаваў ужо чатырнаццаць разоў пад снегам у гатэлi Шварэнбах.
Ульрых слухаў, але нiчога не разумеў i толькi неадчэпна глядзеў на дзяўчыну. Часам ён адказваў: "Так, панi Хаўзэр". Але думкi яго былi недзе далёка, i яго спакойны твар заставаўся безуважны.
Яны падышлi да возера Доб. Вялiзная лядовая роўнядзь распасцiралася перад iмi на дне лагчыны. Справа ўзнiмалiся ўгору чорныя спiчастыя скалы Добэрхорна, а побач з iмi - вялiзныя зломкi Лёмэрнскага ледавiка з велiчным Вiльдструбэлем.
Калi яны наблiзiлiся да перавалу Жэмi, дзе пачынаецца спуск у Лёэш, перад iмi нечакана адкрылiся далягляды Валейскiх Альпаў, ад якiх аддзяляла iх глыбокая i шырокая далiна Роны.
Удалечынi вiднелiся белыя вяршынi, няроўныя, абламаныя, вострыя, што зiхацелi ў сонечных промнях: двухрогi Мiшабэль, магутны масiў Вайсхорна, цяжкi Брунэгхорн, высокая i злавесная людабойчая пiрамiда Сэрвэна i Дан-Блянш - Белы Зуб - падступны i пагрозлiвы.
Пасля нарэшце яны ўбачылi далёка ўнiзе, у вялiзнай прорве, на дне страшнай безданi мястэчка Лёэш. Маленькiя дамочкi здавалiся пясчынкамi, немаведама кiм рассыпанымi на дне гэтай вялiзнай цяснiны, што была закрытая з аднаго боку перавалам Жэмi, а з другога, далёка ўнiзе, выходзiла да самай Роны.
Мул спынiўся каля сцежкi, што вiлася, як змяя, дзiўна i фантастычна выкручваючыся ўздоўж стромага схiлу гары, i апускалася аж да падножжа, да маленькага, амаль нябачнага мястэчка. Жанчыны саскочылi ў снег.
