Зрэшты, i гэта было добра - мiнулыя тры днi снег валiў суцэльнай сцяной у апраметнай цемры, i часам падвойныя дзверы ў класе скаланалiся ад рэзкiх удараў ветру. Дару гадзiнамi сядзеў тады ў сваiм пакойчыку i адно зрэдку выходзiў пад павець, каб дагледзець курэй цi ўзяць вугалю. На шчасце, за тры днi да навалы грузавiчок з Таджыда, найблiжэйшай вёскi на поўнач ад школы, прывёз прадукты. Праз сорак восем гадзiн ён меўся прыехаць iзноў.

Дару, праўда, i так было з чым пераседзець аблогу. У яго маленькiм пакоi ляжаў таўшчэзны мех пшанiцы, якую кiраўнiцтва пакiнула яму ў запас, каб ён раздаваў яе вучням з тых сем'яў, што найбольш пацярпелi ад засухi. А пацярпелi ўсе, бо ўсе яны былi бедныя. Штодзень Дару даваў малым па жменьцы зерня. I цяпер, у гэтыя лiхiя днi, iм вельмi яго не ставала. Мабыць, увечары прыйдзе чый-небудзь бацька цi старэйшы брат - тады ён зможа даць зерня iм. Трэба было неяк перакiдацца да наступнага ўраджаю, пра iншае гаворкi не было. З Францыi цяпер прыходзiлi караблi са збожжам, i самае цяжкае ўжо засталося ззаду. Але забыцца на гэтую галечу, на гэтыя натоўпы прывiдаў у рыззi, якiя бадзялiся па спаленых сонцам, згалелых узгор'ях, дзе глеба трэскаецца i пражыцца ад спёкi, а камень пад нагой ператвараецца ў пыл, - забыцца на ўсё гэта было немагчыма. Авечкi тады гiнулi тысячамi, памiралi i людзi - тут i там, паўсюль, хоць паведамлялi пра гэта не заўсёды.

У гэтай занядбанай школе ён жыў амаль як манах, зрэшты, задаволены сваiм суровым жыццём i тым малым, што ў яго было. А цяпер, калi паўсюль была такая галеча, ён наогул адчуў сябе панам, маючы чатыры мураваныя сцяны, вузкую канапу, палiцы з габляваных дошак, студню i штомесячнае забеспячэнне ежай i пiтною вадой. I вось раптам - гэты снег, без папярэджання, без дажджу, са спёкi ў холад. Такая гэта была краiна - жорсткая сама па сабе, нават без тых людзей, што яе насялялi, хоць i з людзьмi было не лягчэй. Але Дару тут нарадзiўся. I ў любым iншым месцы ён адчуваў бы сябе ў выгнаннi.



2 из 15